Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 07 Снежань 2021

Улады сцвярджаюць, што сярэднямесячны заробак на Віцебшчыне дасягнуў 505 долараў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Згодна са статыстычнымі дадзенымі, сярэдняя налічаная заработная плата ў Віцебскай вобласці па стане на кастрычнік 2021 году склала 1244,1 руб., або 505,1 долара ЗША. Аднак паводле звестак агульнарэспубліканскага банку вакансій па рэгіёну, каля 30% наймальнікаў гатовыя плаціць новапрынятым работнікам ад 400 да 500 рублёў. 

Сапраўды, калі зазірнуць у банк дадзеных вакансій, прадпрыемствамі і ўстановамі Віцебскай вобласці заяўлена больш за 9 тыс. вакансій, з іх больш за 67% - у працоўных прафесіях. 

Найбольшая колькасць вакансій заяўленая арганізацыямі сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі. Іх каля 1600.

Патрабуюцца, напрыклад, 450 трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці з заробкам ад 450 да 1400 рублёў. Або - 220 аператараў машыннага даення і жывёлагадоўцаў, якім збіраюцца плаціць практычна столькі ж, як і трактарыстам. 

Таксама на Віцебшчыне бракуе больш за 60 заатэхнікаў і 100 ветэрынарных лекараў. Гэтыя спецыялісты могуць прэтэндаваць на заробак да 3000 рублёў.

У арганізацыях розных форм уласнасці і відаў дзейнасці патрабуюцца кіроўцы - больш за 600 вакансій, магчымая заработная плата ад 420 да 2500 рублёў. 

Ад агульнай колькасці наяўных у банку дадзеных вакансій каля 48% працоўных месцаў з узроўнем аплаты працы ў межах ад 500 да 800 рублёў, 16% - ад 800 да 1000 рублёў, крыху больш за 6% - вышэй за 1000 рублёў. Памер аплаты працы залежыць ад узроўню адукацыі і досведу працы прэтэндэнта. 

Каля 28% вакансій, заяўленых наймальнікамі, складаюць вакансіі з аплатай працы ад 400 да 500 рублёў і, як правіла, не патрабуюць спецыяльнай адукацыі і вопыту работы. 

Згодна з інфармацыяй Мінпрацы, у кастрычніку 2021 году памер месячнага мінімальнага заробку ў Беларусі, з улікам яе індэксацыі, склаў 418,14 бел руб. 

Лявон Яфрэменка