Нядзеля, 07 Лістапад 2021

Заходнія санкцыі негатыўна паўплывалі на ўмовы працы зняволеных у беларускай пенітэнцыярнай сістэме

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гісторыя з пасёлка Віцьба, дзе зняволеныя мясцовай папраўчай калоніі №3 сутыкнуліся з нетрывіяльнымі праблемамі з-за вялікай палітыкі. І падобная сітуацыя зараз назіраецца бадай у кожнай установе беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, піша «Магілёўская вясна».

Улетку 2021 году Праваабарончы цэнтр “Вясна” пісаў пра цяжкую фізічную працу для асуджаных 2-га і 11-га атрадаў, якіх прыцягвалі працаваць у цэх па разборцы металу. За невыкананне «нормы» вязняў адпраўлялі ў штрафны ізалятар і пазбаўлялі працяглых спатканняў і належных пасылак. Асабліва заўзята каралі асуджаных па палітычных артыкулах.

Кампанія, якая закупляла метал у ПК-3, знаходзіцца ў адной з краін Еўрапейскага звязу. Пасля ўвядзення санкцый у дачыненні Беларусі асуджаныя аказаліся без працы і практычна ўсё лета правялі без прыцягнення на прамысловай зоне, гэта закранула толькі 2-і і 11-ы атрады калоніі.

Гэта праблемная сітуацыя – многія з вязняў, акрамя пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, маюць таксама абавязак забяспечваць выплату сваіх штрафаў, маральнай шкоды, аліментаў ды іншых спагнанняў.

Цяпер адміністрацыя ўстановы знайшла «залатую жылу» ў вытворчасці драўняных трэсак. Пакупнік (прыватная фірма) знайшоўся хутка, і для вытворчасці вялікіх аб’ёмаў прадукцыі былі прыцягнутыя вялізныя рэзервы асуджаных, якія раней наведвалі прамысловую зону два разы на тыдзень і знаходзіліся ў рэзервовай брыгадзе.

Даведачна: здробненая драўніна — драўняныя часціцы рознай формы і велічыні, якія атрымліваюцца ў выніку механічнай апрацоўкі, а менавіта: дранка, драблёнка, габлюшка, пілавінне, драўняная мука, драўняны пыл. Пасля драбнення драўняныя часціцы праходзяць сартаванне па фракцыях, у выніку чаго адбіраецца кандыцыйная фракцыя, памеры якой адпавядаюць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да здробненай драўніны, у залежнасці ад яе далейшага прызначэння.

Непрацоўныя ўмовы

У кожным атрадзе калоніі (на кастрычнік 2021 году іх 13) дадаткова “працаўладкавалі” 40-50 чалавек з рэзервовых брыгад. Асуджаныя і іх сваякі вельмі незадаволеныя гэтым, бо праца фізічна складаная, працаваць трэба на тэрыторыі без даху і патрэбнага абагравання. Працаваць людзям даводзіцца з 09:30 да 17:00 (абед з 14:30 да 15:00) ад панядзелка да суботы ўключна. Праз халодны клімат і вялікую вільготнасці ў самым паўночным рэгіёне краіны многія са зняволеных пачалі звяртацца ў медычную частку са скаргамі на падвышаную тэмпературу, насмарк і кашаль.

Праца на адкрытым паветры падчас пастаянных дажджоў у верасні і пачатку кастрычніку 2021 году справакавала ўсплёск захворванняў на ВРВІ, многія асуджаныя спрабуюць «лячыцца» ў інтэрнатах і займаюцца самалячэннем праз адсутнасць кваліфікаванай медычнай дапамогі ў медчастцы. Усё гэта адбываецца на фоне ўскладнення эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне.

Ненатуральны адбор

Яшчэ адной праблемай з’яўляецца “падбор кадраў” для працы, якая мае пэўныя асаблівасці ў плане бяспекі.

Адміністрацыя ўстановы не ўлічвае асаблівасці і ментальны стан некаторых асуджаных. У цэх распілоўкі дроў людзей «працаўладкавалі» без вывучэння асабістых спраў і характарыстык.

Як адзначае крыніца MSPRING.MEDIA, у брыгады патрапілі ў тым ліку асуджаныя, да якіх ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння з паменшанай свядомасцю (арт. 106 КК РБ).

Апроч таго, адміністрацыя ўстановы, падобна, забылася на тое, што “супрацоўнікі” з ліку асуджаных набраныя не на “Куфары”, і ў большасці ўяўляюць з сябе рэальных злачынцаў – у тым ліку тых, хто ўчыніў забойства або гвалт.

Праблема тут у тым, што сам цэх распілоўкі дроў утрымлівае вялікую колькасць колючых і рэжучых прадметаў, якія невядома як будуць скарыстаныя, калі раптам паміж зняволенымі ўспыхне канфліктная сітуацыя.

Яшчэ адзін вельмі спрэчны момант для ўсёй сістэмы ДВП у Беларусі – гэта рэгуляванне прыцягнення да працы асуджаных у папраўчых калоніях.

Капеечная праца

Асуджаныя прыцягваюцца да працы ў прамысловай зоне на падставе арт. 98 КВК РБ ("Прыцягненне да працы асуджаных да пазбаўлення волі").

У нашым распараджэнні ёсць зварот адной з маці асуджанага, які «працаўладкаваны» ў калоніі №3:

«Мой сын працуе ў брыгадзе па распілоўцы дроў у раёне кацельні на тэрыторыі калоніі. Выконвае наступныя працы: ручной пілой распілоўвае драўніну па вызначаных памерах і складае яе ў вогнішча. Па сцвярджэнні прадстаўнікоў адміністрацыі, кожны асуджаны павінен «зрабіць» норму ў паўтара куба гатовай прадукцыі для топкі печы кацельні, за невыкананне ўказаных патрабаванняў любы асуджаны, па рашэнні начальніка калоніі, змяшчаецца ў штрафны ізалятар і пазбаўляецца права атрымання пасылкі ці перадачы і працяглага спаткання».

Мы паспрабавалі высветліць, якімі дакументамі рэгламентаваныя такія працы, хоць у артыкулах КВК РБ не прапісана дэфініцыі «нормаў», іх падрабязныя класіфікацыі і тлумачэнні, як і колькі павінен зрабіць асуджаны гатовай прадукцыі.

Адзначым, што працоўныя адносіны (працоўны стаж) адміністрацыя калоніі афармляе ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, па вызваленні з месцаў зняволення выдаецца даведка аб заробку асуджанага і яго працоўным стажы, аднак пытанне нормаў выпрацоўкі заўсёды замоўчваецца і «заціраецца».

Аддзел працы ПК-3 не тлумачыць асуджаным правілы і нормы, нарматыўныя акты, якія датычыцца іх працаўладкавання на прамысловай зоне. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь амаль не займаецца праверкай і кантролем падобных вытворчасцяў у закрытых установах, хоць пытанняў па дзейнасці падобных «прадпрыемстваў» вельмі шмат.

Таксама востра стаіць праблема з аплатай заробку асуджанага на падставе артыкула 100 КВК РБ ("Аплата працы асуджаных да пазбаўлення волі"). У згаданым артыкуле няма дакладнага алгарытму па суме аплаты ў базавых велічынях і няма спасылкі на нарматыўныя акты ДВП МУС і/ці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У нататцы ад 21 ліпеня «Вясна» распавядала, што ў ПК-3 на прамысловай зоне зняволеныя атрымліваюць за адзін драўляны еўрападдон 4 капейкі (гэта ўжо з вылікам камунальных плацяжоў, іскаў па крымінальнай справе, пагашэння рэчавога пазову), адзін выраб для ўборкі падлогі (махровая ануча для швабры) – 1 капейка за штуку. Гэта для ўсіх. На пякарні (1 атрад) атрымліваюць 10-12 рублёў у месяц, у сталовай – каля 15 рублёў.