Субота, 24 Красавік 2021

На «Нафтане» быў затрыманы прафсаюзны лідар БНП Максім Шчуплянкоў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Максім Шчуплянкоў Максім Шчуплянкоў

24 красавіка пасля начной змены на прахадной наваполацкага заводу «Нафтан» быў затрыманы намеснік старшыні першаснай арганізацыі працаўнікоў прадпрыемства Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Максім Шчуплянкоў. Пра гэта паведамілі сябры прафсаюзу на старонцы ў Фэйсбуку «Стачком ОАО «Нафтан».

Як паведамляецца, у Максіма Шчуплянкова заблакавалі пропуск, а пасля затрымання адвезлі ў ГАУС Наваполацку, дзе на актывіста склалі пратакол за абразу ахоўнікаў. Інцыдэнт з ахоўнікамі, якія напісалі заявы ў міліцыю, адбыўся яшчэ 21 сакавіка. Як сцвярджаецца ў паведамленні, Шчуплянкоў ужо быў асуджаны за гэтае правапарушэнне на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пасля складання пратаколу Максіма Шчуплянкова адпусцілі з аддзялення міліцыі, прызначыўшы дату суду. Ён пройдзе праз 15 дзён.

«З гэтага можна зрабіць выснову, што кіраўніцтва паставіла сабе за мэту пазбавіцца ад актывіста любымі спосабамі, нягледзячы на тое, што Максім ужо адказаў за свае дзеянні ў судзе і публічна выбачаўся за абразу», – так пракаментавалі затрыманне прафсаюзнага лідара ягоныя паплечнікі.

Зміцер Міраш