Серада, 21 Жнівень 2019

Сяброўства ў прафсаюзе будзе абараняцца “Законам аб пэрсанальных дадзеных”

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Камісія па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў прыняла прапанову Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) абараніць на заканадаўчым узроўні інфармацыю аб сяброўстве працоўных у прафсаюзах. Пра гэта ў электронным лісьце на імя старшыні СПБ Міколы Шараха паведаміла дэпутатка ПП НС Натальля Гуйвік.

Натальля Гуйвік паведаміла, што прапановы, накіраваныя старшынём СПБ Міколам Шарахам “аб унясеньні дапаўненьня ў артыкул 1 праекту Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пэрсанальных дадзеных” у частцы карэкціроўкі тэрміну “спэцыяльныя пэрсанальныя дадзеныя”, разгледжаныя на паседжаньні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы і ўлічаныя”.

Такім чынам, цяпер у праекце закону “спэцыяльныя пэрсанальныя дадзеныя” вызначаюцца як “пэрсанальныя дадзеныя, якія тычацца расавай альбо нацыянальнай прыналежнасьці, палітычных поглядаў, сяброўства ў прафэсійных саюзах, рэлігійных альбо іншых перакананьняў, здароўя альбо полавага жыцьця, прыцягненьня да адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасьці, а таксама біямэтрычныя і генэтычныя пэрсанальныя дадзеныя”.

У першапачатковым тэксьце праекту сяброўства ў прафсаюзе да спэцыяльных пэрсанальных дадзеных не адносілася.

“Трэба выкарыстоўваць тыя магчымасьці для ўплыву на ўладу, якія нам дадзеныя заканадаўствам. Каб законы прымаліся з улікам інтарэсаў грамадзян Беларусі”, – кажа старшыня СПБ Мікола Шарах.

Прапановы ў Палату прадстаўнікоў былі накіраваныя ў сувязі з тым, што кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў патрабуюць ад прафсаюзаў падаваць ім пэрсанальныя зьвесткі аб сябрах прафсаюзу, сьпісы сябраў. Калі закон аб пэрсанальных дадзеных будзе прыняты, ён будзе бараніць інфармацыю аб сябрах прафсаюзаў. У выпадку ж прычыненьня працаўніку шкоды з прычыны яго сяброўства ў прафсаюзе, працоўны можа праз суд дамагацца ад працадаўцы яе кампэнсацыі.

“Маральная шкода, прычыненая суб'екту пэрсанальных дадзеных з прычыны парушэньня яго правоў, устаноўленых гэтым Законам, падлягае кампэнсацыi, –  гаворыцца ў праекце “Закону аб пэрсанальных дадзеных”.

Але гэта пакуль што толькі праект. Якім будзе канчатковы тэкст закону і якім чынам ён будзе прымяняцца на практыцы, пакажа час.

Аляксандар Марозаў