Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 19 Жнівень 2019

На Глыбоцкім МКК будуць выплачваць заробкі згушчонкай?..

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Фота: TUT.by Фота: TUT.by

Працаўнікі Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату даслалі на тэлеграм-канал NEXTA распараджэньне кіраўніцтва заводу аб выплаце заробкаў у жніўні-сьнежні 2019 году “часткова ў натуральнай форме” – сьмятанай ды малаком. На камбінаце сьпее бунт…

“У сувязі зь няўстойлівым фінансавым становішчам прадпрыемства, а таксама адсутнасьцю дастатковай колькасьці грашовых сродкаў для выплаты заробкаў прапанаваць працоўным прадпрыемства “Глыбоцкі МКК” атрымаць заработную плату за жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад і сьнежань 2019 году часткова ў натуральнай форме прадукцыяй, прыдатнай для асабістага спажываньня працоўным і яго сям’ёй… са згоды працаўніка і згодна з прыкладзеным пералікам”, – гаворыцца ў дакумэнце, які падпісаў дырэктар камбінату Андрэй Сакалоўскі.

“Другі тыдзень у нас працягваецца канфлікт з кіраўніцтвам, – цытуе NEXTA паведамленьне працаўнікоў Глыбоцкага МКК. – Усіх змушаюць у дабравольна-прымусовым парадку за кошт заробку браць бракаваную прадукцыю – стэрылізаванае малако і сьмятану, якія не прыдатныя для ўжываньня і продажу. За іх выпуск не панесьлі адказнасьці ні галоўны тэхноляг, ні начальнік кансэрвавага цэху – усё вырашылі пакрыць зь кішэняў працоўных”.

“Кіраўніцтва прама заяўляе: “Мы вас ня можам прымусіць, але мы ня ведаем, як далей працаваць з тымі, хто не пагодзіцца”. Але ж зарабляюць 800 працоўных камбінату ў сярэднім па 400 рублёў, зь якіх яшчэ трэба сабраць дзяцей у школу, заплаціць за камунальныя паслугі, купіць прадукты… Аднак нас хочуць прымусіць узяць за кошт заробку яшчэ на 15 рублёў непрыгоднай сьмятаны і на столькі ж – стэрылізаванага малака. У выніку будуць вылічваць па 30 рублёў штомесяц аж да студзеня”, – тлумачаць працоўныя Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату.

У распараджэньні, якое апублікаваў NEXTA, кіраўніцтва МКК спасылаецца на артыкул 74 Працоўнага кодэксу і на пункт 3.12.3. калектыўнай дамовы.