Пятніца, 31 Жнівень 2018

Мізэрныя заробкі спрычыніліся да стыхійнага страйку ў Cеньненскай ЖКГ

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Стыхійны страйк працаўнікоў Сеньненскага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адбыўся з прычыны малых заробкаў. Будаўнікі рамонтна-будаўнічага ўчастку не пажадалі мірыцца з тым фактам,  што сёлета яны зарабляюць меней за некваліфікаваную прыбіральшчыцу.

16 жніўня работнікі ўсёй брыгадай прыйшлі да будынку адміністрацыі прадпрыемства, каб выказаць свае прэтэнзіі кіраўніцтву. Як распавядаюць працаўнікі, яны робяць усё як мае быць і плян выконваюць, а праблемы з заробкам цягнуцца аж ад студзеня. Так, непасрэдны заробак аднаго з працаўнікоў за красавік склаў 16 рублёў 97 капеек.

Аляксей Куц, які ня першы год працуе будаўніком, а ў ЖКГ займаецца рамонтам і пабудовай дахаў, у якасьці асноўнага заробку за месяц атрымаў 67 рублёў.  Яму даплачваюць да пражыцьцёвага мінімуму, але гэта ня тыя грошы, на якія можна сёньня жыць. Працоўны, аналізуючы свой разліковы квіток, іранізуе:

– Пэўна, тым ня менш я добра працаваў, бо ёсьць прэмія – 34 рублі, і за майстэрства налічылі 12 рублёў. З прычыны малых заробкаў мы неаднаразова зьвярталіся да нашага кіраўніцтва, але яно толькі абяцае. Ня ведаю, зь якой прычыны, але дырэктары ў нас надоўга не затрымліваюцца. Паўгода папрацуюць, і прыходзіць новы.

– Як людзям выжыць? Я за месяц зарабляю 44 рублі, дык што я на працы тады раблю? Сяджу? А ў каго сям'я, дзеці, крэдыты... Як жыць? Сад, школа – заплаці, – абураецца малады бацька.

– Мы ня ведаем, як нам выжываць у гэтай сытуацыі за гэтыя капейкі. Так немагчыма жыць. Катастрофа поўная. Кіраўніцтва нешта вырашае, нейкія сходы зьбірае, але ад гэтага ніякага толку няма,  – дадае працаўніца.

– Вось мой прамы заробак за месяц – 64 рублі 17 капеек. Як пракарміць сям'ю, дзяцей, калі я за інтэрнат плачу 110 рублёў? Так, мне да пражыцьцёвага мінімуму дадаюць, але і на гэтыя грошы ці можна пражыць? Палову за інтэрнат аддаеш, плюс садок, школа. Аб'ёмы працы выконваеш вялікія, ірвеш кішкі, цяжкая праца – падымаць дах. Здаецца, мы павінны зарабляць нармалёва, але ж нічога не атрымліваем. Я ня ведаю, як жыць далей. Вось і ўсё, – разгублена кажа працаўнік.

Дарэйка Леанід, будаўнік са стажам, тлумачыць настроі ў брыгадзе:

– Можна пайсьці да прыватніка, я бачыў абвестку: прымае на працу будаўнікоў, абяцае 25 рублёў штодзённа. Выходзіць, за два дні я перакрыю свой месячны заробак. Мне плацілі па 16 рублёў, 32 рублі, 50 рублёў, 40 рублёў, апошні месяц далі добра –  ажно 67 рублёў наўпроставага заробку, здаецца. Прыватнік будзе плаціць 25 рублёў у дзень, вось мы і думаем усёй брыгадай пераходзіць, пэўна, да прыватніка. Маю вялікі досьвед працы: і Маскву будаваў, і Менск будаваў, і дзе я толькі ня быў. І на поўначы быў, і паўсюль быў у пашане! Граматы ёсьць адусюль, і зь Віцебскага сельбуду таксама, што я – адзін з найлепшых працаўнікоў. Досьвед працы – велізарны. У мяне ўжо пэнсія на плячох. Што я магу яшчэ дадаць?

Кіраўнік рамонтна-будаўнічага ўчастку Рыгор Рэйтар кажа, што як працуюць, так і атрымліваюць. А мы, маўляў, аплачваем па расцэнках ЖКГ. Праўда, на прэтэнзію людзей патлумачыць, чаму ў суседніх Бешанковічах працаўнікі падобнай брыгады ЖКГ атрымліваюць у разы болей, ён ня змог.

Людзі зьняверыліся і не спадзяюцца на тое, што ім нехта дапаможа. Але кволая надзея ўсё ж зьявілася: 23 жніўня на сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме актывістка БХД Алена Шабуня распавяла чыноўнікам пра становішча з выплатай заробкаў у Сеньненскай ЖКГ. Неўзабаве прадстаўнікі аблвыканкаму наведалі Сянно, каб на месцы разабрацца з праблемай.

С. Горкі