Панядзелак, 27 Жнівень 2018

830 рублёў?.. Толькі тры са 108 вакансіяў у Віцебску прапануюць “сярэдні” заробак паводле Белстату

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
На "кірмашы вакансіяў" у Віцебску. 2017 год. Фота з архіву ВВ На "кірмашы вакансіяў" у Віцебску. 2017 год. Фота з архіву ВВ

Толькі тры са 108 актуальных і самых сьвежых вакансіяў, выстаўленых на сайце дзяржаўнай службы занятасьці, дасягаюць заяўленага нядаўна Белстатам памеру сярэдняга заробку па Віцебскай вобласьці. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні заробак па Віцебшчыне ў ліпені 2018 году склаў 830 рублёў…

Белстат паведаміў 23 жніўня, што сярэдні заробак у Беларусі дасягнуў 973,8 рублі. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці статысты адзначылі самы высокі рост велічыні заробкаў (14,1%) за студзень-ліпень па краіне ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась. Паводле Белстату, сярэдні заробак у Віцебшчыне складае зараз 830,8 рублёў (больш за 400 даляраў).

Яшчэ крыху – і “папіццот”?..

Але, як апынаецца, працу з такім (сярэднім!) заробкам знайсьці ў Віцебску практычна нерэальна. Сярод сьвежых 108-мі вакансіяў, выстаўленых на афіцыйным сайце службай занятасьці 24 жніўня, толькі тры прапаноўвалі заробак, адпаведны “сярэдняму”. Усе яны – “ненародныя”.

Гэта дзьве вакансіі начальнікаў упраўленьня  ад віцебскага канцэрну “Мяса-малочныя прадукты”, які гатовы плаціць людзям на гэтай кіроўнай пасадзе па 1115 і 848 рублёў за месяц. А таксама вакансія мэнэджэра па зьнешнеэканамічным сувязям ад прадпрыемства “Інком Інтэрсэрвіс” – з фантастычным для Беларусі заробкам у 4575 рублёў (валоданьне ангельскай, досьвед працы –  5 гадоў).

Астатнія працадаўцы (105 вакансіяў за 24 жніўня) прапануюць заробкі, ніжэйшыя за сярэдні белстатаўскі. У большасьці выпадкаў – нашмат ніжэйшыя.

Што праўда, яшчэ тры вакансіі зусім крыху не дацягнулі да памеру “сярэдняга” белстатаўскага заробку. На заробак 800 рублёў шукаюць:

  • дзяржаўнага інспэктара (аблупраўленьне Дэпартамэнту па нагляду за бясьпечным вядзеньнем работ у прамысловасьці МНС РБ),
  • кіроўцу на прадпрыемства “Галяген сэрвіс”
  • тынкоўшчыка на “Слаўманалітбуд”.

Гэта самыя дарагія вакансіі ў Віцебску. Сярэдні ж заробак па вакансіях на 24 жніўня складае прыкладна 450-500 рублёў за месяц.

Самыя запатрабаваныя – кіроўцы і лекары

Паводле статыстыкі Дзяржаўнай службы занятасьці Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці на сёньня прапануецца 6679 вакансіяў (колькасьць рэзюмэ на сайце ад нашага рэгіёну – 756).

У топ-5 найбольш запатрабаваных на Віцебшчыне спэцыяльнасьцяў уваходзяць кіроўцы аўтамабіляў, лекары-спэцыялісты, мэдсёстры, прадаўцы і кухары.

Людзі ж найчасьцей шукаюць на сайце працу падсобнага рабочага, грузчыка, эканаміста ды бугальтара…

Нагадаем, што, паводле статыстыкі, на Віцебшчыне штомесяц звальняюць больш за 8 тысяч працаўнікоў у розных сфэрах.

Зьміцер Міраш