Чацвер, 23 Жнівень 2018

Дэкрэт №3. Што рабіць, каб выключыць сябе са сьпісу дармаедаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Беспрацоўная просіць вызваліць яе ад выплаты "дармаедзкага падатку", 2017 год. Фота: tut.by Беспрацоўная просіць вызваліць яе ад выплаты "дармаедзкага падатку", 2017 год. Фота: tut.by

Віцебскія раённыя камісіі апублікавалі на сайце гарвыканкаму дакумэнт пад назвай “Альгарытм дзеяньняў грамадзян пры звароце ў камісію па спрыяньні занятасьці насельніцтва для выключэньня са сьпісу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, што аплачваюць паслугі па тарыфах, якія забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё выдаткаў”.

Дакумэнт цяжка назваць альгарытмам, бо ніякіх пакрокавых дзеяньняў ён не прапануе. Аўтары “альгарытму” нагадваюць, што са сьпісу, які будзе фармавацца ў першы месяц кожнага кварталу, могуць выключыць сябе толькі грамадзяне, якія згадваюцца ў пункце 4 Палажэньня, зацьверджанага Саветам Міністраў ад 31 сакавіка 2018 году № 239.

Для гэтага трэба зьвярнуцца з заявай (форма падаецца) на імя старшыні камісіі і прыкласьці да яе дакумэнты, якія маюць пацьвердзіць, што ты не дармаед. Там жа падаецца пералік пацьвярджальных дакумэнтаў.

Якія дакумэнты несьці ў “камісію па дармаедах”

  • Калі працуеш за мяжой – дамову з наймальнікам, альбо іншыя паперы, якія пацьвярджаюць факт занятасьці (афіцыйны пераклад на беларускую ці расейскую мову).
  • Калі атрымліваеш за мяжой адукацыю – даведку з установы адукацыі, дамову на аказаньне адукацыйных паслугаў альбо іншыя дакумэнты (афіцыйны пераклад).
  • Калі з табой скасавалі працоўныя адносіны, у тым ліку – па прычыне скарачэньня штату – працоўную кніжку (альбо копію), даведку ад наймальніка.
  • Калі ты вайсковец альбо рэзэрвіст падчас збораў – вайсковы білет і даведку з месца праходжаньня службы з указаньнем тэрміну службы.
  • Калі ты жонка вайскоўца – пасьведчаньне аб шлюбе, даведку з месца службы мужа (жонкі).
  • Калі ты знаходзісься пад мэдычным назіраньнем – адпаведныя дакумэнты з арганізацыі аховы здароўя.
  • Калі ты скончыў праходзіць альтэрнатыўную службу – даведку аб пэрыядзе працы, службы.
  • Калі ты атрымаў адукацыю ў дзённай форме навучаньня альбо адукацыю на даму – дакумэнт, які пацьвердзіць атрыманьне адукацыі ў дзённай форме.
  • Калі ты навучаесься ў духоўнай сэмінарыі – дакумэнт, які пацьвердзіць атрыманьне адукацыі ў духоўнай навучальнай установе.

 “Зьвесткі, якія пацьвярджаюць занятасьць грамадзяніна, можна прынесьці ў камісіі асабіста, а таксама даслаць праз пошту, у тым ліку электронную” (Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. – камісія па дармаедах Першамайскага раёну Віцебска).

“Цяжкая жыцьцёвая сытуацыя” – алібі

Таксама камісіі нагадваюць, што ў адпаведнасьці з Дэкрэтам №3, у іх ёсьць права цалкам альбо часткова вызваляць грамадзян, не занятых у эканоміцы, ад абавязкаў аплачваць паслугі па поўных тарыфах “у сувязі са знаходжаньнем у цяжкай жыцьцёвай сытуацыі”.

У каго яна цяжкая, а ў каго не – будуць вырашаць самі сябры камісіі.

Першыя сьпісы “грамадзян, не занятых у эканоміцы” будуць складзены да 1 сьнежня 2018 году, аднак на пачатку жніўня старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў даручыў сфармаваць “сьпісы дармаедаў” да 1 верасьня.

Нагадаем, склады камісіяў па дармаедах пры адміністрацыях Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску апублікаваныя на сайце гарвыканкаму. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну прозьвішчы сябраў камісіі не раскрывае дагэтуль.

Як мяркуюць праваабаронцы, створаныя камісіі па спрыяньні занятасьці насельніцтва будуць парушаць правы грамадзян, у тым ліку – на прыватнае жыцьцё.

Зьміцер Міраш