Нядзеля, 12 Жнівень 2018

Дэкрэт №3. Хто будзе працаваць у “камісіях па дармаедах” у Віцебску – сьпісы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
2017 год. Фото: Andrei Bortnikau / Shutterstock.com 2017 год. Фото: Andrei Bortnikau / Shutterstock.com

Стала вядома, хто канкрэтна будзе працаваць у раённых камісіях па каардынацыі працы па спрыяньні занятасьці насельніцтва. Сьпісы сябраў камісій “па дармаедах” Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску апублікаваныя нядаўна на сайце гарвыканкаму. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну інфармацыяй пакуль ня дзеліцца.

Пэрсанальныя склады камісій былі зацьверджаныя яшчэ ўвесну 2018 году. У складзе камісій – спрэс дзяржслужбоўцы: супрацоўнікі і кіраўнікі аддзелаў ідэалягічнай працы, адукацыі, спорту і турызму, эканомікі, падатковых інспэкцыяў, ЗАГСаў, разьліковых цэнтраў, аддзелаў ЖКГ, устаноў аховы здароўя і РАЎСаў.

Грамадзкія аб’яднаньні ў камісіях прадстаўленыя... першымі сакратарамі раённых камітэтаў БРСМ.

Галоўныя ўрачы, ідэолягі, міліцыянты…

Гэтак, у склад камісіі Чыгуначнага раёну ўваходзіць кіраўнічка аддзелу ідэалягічнай працы Вольга Аляшковіч, галоўныя ўрачы гарадзкіх паліклінік №№ 6 і 7  Алена Пішчык  і Людміла Аляксеева, начальнік аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Аляксей Блахін, першы сакратар Чыгуначнага раённага камітэту БРСМ Карына Пушкарова ды іншыя. У камісіі – 15 чалавек.

Сярод сябраў адпаведнай камісіі пры адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску – намесьнік начальніка аддзелу эканомікі Алена Кавыляева, начальнік аддзелу ЗАГС Алеся Мартынава, раённы ідэоляг Натальля Сокалава, намесьнік начальніка аддзелу ўнутраных спраў раённай адміністрацыі Аляксандар Рыбакоў, загадчык паліклінікі №2 Юры Сьцепаненка, першы сакратар раённага БРСМ Сьвятаслаў Міхайлаў. У складзе Першамайскай камісіі па дармаедах – 17 чалавек, але некаторыя зь іх адзначаныя зорачкамі – “зь іхнай згоды”.

Тут - поўныя сьпісы сябраў камісіі па дармаедах Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебску. Інфармацыя аб складзе камісіі Кастрычніцкага раёну Віцебску пакуль адсутнічае.

“Камісіі будуць парушаць правы грамадзян”

Нагадаем, што ў ліпені віцебскі праваабаронца Павал Левінаў прасіў адміністрацыю Першамайскага раёну ўключыць яго ў склад камісіі па спрыяньні занятасьці, але атрымаў адмову. Чыноўнікі спасылаліся на тое, што камісіі ўжо сфармаваныя і зацьверджаныя.

Камэнтуючы адмову, Павал Левінаў казаў, што камісіям нададзеныя занадта шырокія паўнамоцтвы: “З тымі паўнамоцтвамі, якія ім нададзеныя, гэтыя камісіі будуць парушаць правы грамадзян на свабодны выбар прафэсіі, на свабоду распараджацца сваім часам, будуць умешвацца, у тым ліку, і ў прыватнае жыцьцё грамадзян”.

Калі будуць сфармаваныя чорныя сьпісы?..

На сайце Віцебскага гарвыканкаму паведамляецца, што “сьпіс грамадзян, не занятых у эканоміцы”, будзе сфармаваны да 1 сьнежня 2018 году.

Але, як паведаміла 8 жніўня дзяржаўнае выданьне “Витебские вести”, падчас працоўнай нарады старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў “даў даручэньне” сфармаваць сьпісы да 1 верасьня.

Скрын старонкі з навіной на сайце газэты "Витебские вести"

Вельмі паказальна пры гэтым, што афіцыйная абласная газэта ўжо больш не карыстаецца пэрыфразамі кшталту “не занятыя ў эканоміцы”, а наўпрост называе ў загалоўку такіх людзей “тунеядцами”.

Дзе і калі будуць засядаць камісіі

  • Першамайскі раён. Паседжаньне камісіі будзе праходзіць у залі паседжаньняў адміністрацыі раёну (вул. Пралетарская, 14, 4 паверх) у другі і чацьвёрты аўторкі месяцу а 14-й гадзіне.
  • Чыгуначны раён. Як паведамляецца на сайце гарвыканкаму, паседжаньні будуць праводзіцца “па меры неабходнасьці, але не радзей аднаго разу ў месяц”, у чацьвёрты аўторак штомесяц, у 14.00 (вул Касманаўтаў, 3а, каб. №6).
  • Кастрычніцкі раён. “Паседжаньні камісіі праводзяцца два разы на месяц у кабінэце №204 адміністрацыі раёну ў другі і чацьвёрты аўторак штомесяц, у 16.00”, – паведамляе раённая адміністрацыя.

“Уключаныя ў сьпіс працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, будуць аплачваць па тарыфах, якія забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на аказаньне паслугаў, гарачае водазабесьпячэньне ад 1 студзеня 2019 году, газазабесьпячэньне пры наяўнасьці індывідуальных газавых ацяпляльных прыладаў і цеплазабесьпячэньне – ад 1 кастрычніка 2019 году”, – нагадваюць камісіі.  

Зьміцер Міраш