Аўторак, 02 Красавік 2013

У Глыбоцкім раёне заробкі выдаюць кілбасой

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

“Хочам падзяліцца навіной пра абуральнае беззаконьне. Мы - тры зь лішнім сотні чалавек - працуем у ААТ “Глыбоцкі аграсэрвіс”, - зьвярнуліся па дапамогу ў рэдакцыю finance.tut.by чытачы. - Зарплаты ў нас і так невялікія, але з гэтых бедных сум мы абавязаныя купіць прадукцыю мясцовага мясакамбінату. У выпадку адмовы грошы не вяртаюцца! Нам патрэбныя тыя капейкі, якія мы зарабілі, а ня іх нясмачная кілбаса!”

“Па-першае, мы ўжо забыліся, што такое атрымліваць зарплату своечасова, і нікога не хвалюе, што да 25 чысла трэба аплаціць камуналку, крэдыты і гэтак далей. Мы жылі і верылі - будзе лепш, але апошнія падзеі ўсе надзеі закрэсьлілі, - распавялі працаўнікі аграсэрвісу. - Каб паменшыць суму да выплаты ў нашых разьлікоўках за люты, наш дырэктар даў каманду гвалтоўна уручыць кожнаму працаўніку прадукцыю мясцовага мясакамбінату на суму, ім жа і вызначаную. Прычым некаторыя лічбы дасягалі 1,5-2 мільёнаў рублёў. Але гэтым усё не абмежавалася! З пакінутай сумы ў кожнага працаўніка загадана забраць яшчэ па 30 адсоткаў і аддаць дзяржгандлю, які ў нас на ладан дыхае. І гэта ўсё, нават не пытаючыся нашай згоды, за нас вырашылі, як выдаткаваць нашу зарплату. Увогуле, паступілі, як зь безгалосым быдлам”.

“Як нам жыць? - задаецца рытарычным пытаньнем яшчэ адзін суразмоўца. - За месяц мая зарплата ў 1 мільён 600 тысяч, але зь іх трэба ўзяць прадукты на 450 тысяч. Ніякіх дакумэнтаў, распараджэньняў пра гэткі спосаб аплаты працы няма, усё робіцца “ў цёмную”. Мне цікава, хоць нейкія законы ў Глыбоцкім раёне працуюць? Ёсьць жа прафсаюзы, у якія мы рэгулярна плацім ўнёскі”.

Сытуацыю пракамэнтаваў дырэктар Глыбоцкага аграсэрвісу Васіль Якімовіч: “Хто вам такую лухту напісаў? Заробак у поўным аб’ёме быў выплачаны грашыма, а не кілбасой! І ў райпо мы ніякіх грошай не пералічваем, - ня згодны з абвінавачваньнямі суразмоўца. - Сярэдні заробак па прадпрыемстве я вам не скажу, гэта камэрцыйная таямніца, але праблем у нас з выплатамі няма: пры канцы месяца, як належыць, заўсёды налічаем грошы”.

Удалося датэлефанавацца і да супрацоўніка бухгальтэрыі: “Я наогул не хачу казаць на гэтую тэму, - сумна адказалі на тым канцы проваду. - Ну, як гэта не было, калі яно ўсё так і было? Няма чым людзям плаціць зарплату - вось такая сытуацыя. Вядома, і раней працаўнікі бралі ў кошт заробку прадукты ў нашай краме, але гэта было па жаданьні. А тут было сказана ў загадным парадку на канкрэтныя сумы браць, хіба гэта нармальна?”

Крыніца: Тут.бай