Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Студзень 2014

Суполка незалежнага прафсаюзу выставіла свае патрабаваньні «Нафтану»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

15 студзеня адбылася пазачарговая канфэрэнцыя першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, работнікаў ААТ «Нафтан». Прычынай скліканьня канфэрэнцыі стала сытуацыя, якая склалася з узгадненьнем рэдакцыі праекту калектыўнай дамовы, прапанаванай да падпісаньня на 2014-2017 гады.

Справа ў тым, што ў камісіі па фармаваньні калдамовы ўдзельнічалі і адміністрацыя прадпрыемства (з боку наймальніка), і прадстаўнікі ад Белхімпрафсаюзу і БНП (з боку прафсаюзаў). Праца вялася плённа і па-дзелавому, а прысутнасьць на камісіі прадстаўніка ад Незалежнага прафсаюзу пад сумнеў ня ставілася ніводным з бакоў. Але толькі да таго моманту, калі сталі абмяркоўваць права подпісу дакумэнту (калдамовы). Вось тады і пачаліся прыдзіркі наконт легітымнасьці незалежнага прафсаюзу.

Незалежны прафсаюз аказаўся вышэй за непартнэрскія паводзіны «калегаў прафсаюзьнікаў», і з прычыны сваёй меншай колькасьці сяброў прафсаюзу пагадзіўся на кампраміс і гатовы быў дэлегаваць права подпісу прадстаўніку больш буйной прафсаюзнай арганізацыі, але з умовай, што Незалежны прафсаюз абараняе сваіх сяброў прафсаюзу згодна з калектыўнай дамовай гэтаксама, як і Белхімпрафсаюз сваіх.

Але Белхімпрафсаюз прапанаваў такі варыянт калектыўнай дамовы, у якім незалежны прафсаюз ня згадваецца. Згодна з прапановай Белхімпрафсаюзу, калектыўная дамова мусіла быць заключанай паміж прадпрыемствам у асобе яго генэральнага дырэктара і работнікамі, «ад імя якіх выступае Першасная арганізацыя ААТ “Нафтан” Беларускага прафэсійнага саюзу работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасьці, у асобе старшыні Прафкаму Першаснай арганізацыі ААТ “Нафтан” Белхімпрафсаюзу Рагоўскай Вольгі Сяргееўны».

З такой рэдакцыяй калектыўнай дамовы незалежны прафсаюз, натуральна, ня мог пагадзіцца, але Белхімпрафсаюз стаяў на сваім. Старшыню выканаўчага бюро незалежнага прафсаюзу нічога не заставалася рабіць, як скласьці пратакол рознагалосьсяў і ўступіць у працоўную спрэчку з наймальнікам.

Для гэтага прыйшлося склікаць пазачарговую канфэрэнцыю, дзе пастанавілі накіраваць наймальніку патрабаваньне аб заключэньні асобнай калектыўнай дамовы паміж наймальнікам (ААТ «Нафтан») і работнікамі ААТ «Нафтан» - сябрамі Беларускага Незалежнага прафсаюзу ў асобе іх прадстаўнічага органу - першаснай арганізацыі. Прагаласавалі - аднагалосна.

Гэтай канфэрэнцыі магло б і ня быць, калі б Белхімпрафсаюз быў хоць крышачку дэмакратычнай арганізацыяй. Але цяпер незалежнаы прафсаюз мае шанец правесьці перамовы і заключыць з наймальнікам калектыўную дамову безь Белхімпрафсаюзу.

Паводле belnp.org