Пятніца, 02 Снежань 2022

Старшыня аблсавета вучыў школьнікаў любіць Радзіму

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Расейскае выслоўе «научат Родину любить» вырашылі ўвасобіць у практыку на Віцебшчыне : тут запачаткаваны праект «Урок с депутатом». На такі ўрок, які адбыўся ў канцы лістапада, па разнарадцы сабралі «актыў старэйшых класаў» школ Першамайскага раёну, а ў ролі настаўніка выступіў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Па сумяшчальніцтву ён з’яўляецца і кіраўніком абласной структуры РГА «Белая Русь». Назва тэмы «урока» са «зборным класам» гучала наступным чынам: «Это наша страна, это наша история». Выкладанне вялося, як і можна было чакаць, на расейскай мове.

На «уроку» дзеці спявалі дзяржаўны гімн Беларусі, а змест выкладзенага старшынём аблсавету зводзіўся да таго, што на беларускіх землях спрадвеку мірна жылі людзі розных нацыянальнасцяў, хаця сама беларуская дзяржава ўвесь час падвяргалася нападам. «По нам прокатывались войны, в которых мы не участвовали», – цытуе дзяржаўная газета «Витьбичи» словы чыноўніка, які па першай адукацыі мае дыплом настаўніка гісторыі. Другая дзяржаўная газета, «Витебские вести», падае цытату пра тое, як Уладзімір Цярэнцьеў бачыць методыку выкладання прадмета: «Важно, когда историю страны преподносят разносторонне, в ее многообразии, где-то не дают оценку событиям».

На думку «настаўніка», школьнікам быў вельмі цікавы такі фармат зносінаў, гэта «было відаць па вачах і тварах».

Праект «Урок с депутатом» ініцыявала адміністрацыя Першамайскага раёну абласнога цэнтру. Запланаваны яшчэ шэраг падобных сустрэч, дзе перад вучнёўскім «актывам» з размовамі на ідэалагічныя і палітычныя тэмы выступяць прадстаўнікі абласнога і раённага саветаў.

Жанна Жалейка