Панядзелак, 24 Снежань 2018

На Віцебшчыне больш за тры з паловай тысячы дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле афіцыйных дадзеных, у Віцебскай вобласьці 3525 дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Зь іх толькі пяцёра прызнаныя такімі з прычыны жорсткага абыходжаньня. Пракуратура мяркуе, што афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў.

Так, толькі па фактах гвалтоўных злачынстваў чальцоў сем'яў у дачыненьні да ўласных дзяцей у рэгіёне было распачата 11 крымінальных спраў. А ў праваахоўныя органы рэгулярна паступае інфармацыя пра фізычнае і маральнае ўзьдзеяньне на непаўналетніх у сем'ях.

Сёлета ў многіх рэгіёнах вобласьці пракуратура выносіла органам апекі і папячыцельства прадпісаньні пра абарону правоў дзяцей, якія сталі ахвярамі гвалту паміж бацькамі, альбо калі гвалт да дзяцей ўжывалі самі бацькі.

Напрыклад, пракурор Аршанскага раёну тройчы выносіў такія прадпісаньні, калі дзеці цярпелі праз злачынствы бацькоў, зьвязаныя з прычыненьнем чальцам сем'яў менш цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, катаваньняў або пагроз забойствам. Пасьля актаў пракурорскага нагляду прызналі, што гэтыя дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, і адабралі іх у нядбайных бацькоў.

Пры гэтым падчас праверкі выкананьня заканадаўства аб папярэджаньні жорсткасьці і гвалту ў дачыненьні да дзяцей у сям'і і прафіляктыцы злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці непаўналетніх пракуроры выявілі, што міліцыя не заўсёды інфармавала органы апекі і папячыцельства аб фактах сямейных скандалаў і гвалту, якія сталі ёй вядомымі. Як вынік, тыя не праводзілі сацыяльныя расьсьледаваньня і не рабілі захадаў па абароне дзяцей.

Установы адукацыі вобласьці правялі 7719 сацыяльных расьсьледаваньняў, зь іх 2787 – без удзелу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, што пагоршыла іх якасьць.

Органы ўнутраных спраў не заўсёды перадавалі пракурорам матэрыялы для распачынаньня адміністрацыйнага працэсу па фактах сямейнага гвалту правамі пракурора, з прычыны чаго дэбашыры часам пазьбягалі адказнасьці.

Так, у Наваполацку цягам году з-за прымірэньня бакоў тройчы спынялі вытворчасьць у дачыненьні да галавы сям’і, які зьбіваў сваіх жонку, дачку і шасьцігадовага сыночка.

Асаблівую трывогу ў пракурораў выклікалі злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці непаўналетніх. Праверка выявіла факты, калі ўстановы адукацыі і органы ўнутраных спраў працавалі зь сем'ямі фармальна. Такі падыход дазволіў некаторым бацькам зьдзяйсьняць гвалт над дзецьмі альбо заставаліся абыякавымі да такому гвалту.

Патрабуе паляпшэньня праца шэрагу ўстаноў аховы здароўя па перадачы праваахоўным органам зьвестак, якія маглі б сьведчыць пра зьдзяйсьненьне ў дачыненьні да дзяцей злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці, у тым ліку чальцамі іх сям'і і іншымі асобамі, што жывуць разам зь імі.

Вынікі праверкі дэталёва разгледжаныя на паседжаньні калегіі пракуратуры Віцебскай вобласьці з удзелам зацікаўленых ведамстваў і службаў. Па выніках прыняты шэраг дадатковых арганізацыйна-практычных мераў з замацаваньнем адказных выканаўцаў і вызначэньнем тэрмінаў для працы. Выкананьне рашэньня ўзятае на асаблівы кантроль абласной пракуратуры, паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласьці.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc