Субота, 30 Чэрвень 2018

“Катаемся на помніках”. Віцебская моладзь просіць збудаваць у горадзе скейт-парк

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Падчас адкрыцьця скейт-парку ў Магілёве. Фота: park-city.by Падчас адкрыцьця скейт-парку ў Магілёве. Фота: park-city.by

Экстрэмалы зь Віцебску запусьцілі на пляцоўцы “Зручны горад” пэтыцыю з просьбай да ўладаў пабудаваць у горадзе скейт-парк. “Праз адсутнасьць пляцоўкі для скейтбордынгу мы вымушаныя катацца ў месцах ня вельмі для гэтага прыдатных і з гэтай прычыны часта падвяргаемся ціску з боку міліцыі і простых грамадзян”.

“Зьвяртаемся з просьбай пабудаваць у Віцебску скейт-парк, чаго спрабуем дамагчыся ўжо восем гадоў. Каб актыўныя грамадзяне маглі нарэшцэ займацца любімай справай у спэцыяльна адведзеным месцы і прыцягваць яшчэ больш моладзі для здаровага і актыўнага ладу жыцьця”, – гаворыцца ў пэтыцыі.

Просяць таксама, у выпадку, калі пытаньне будзе вырашанае станоўча, правесьці перад пачаткам будаўніцтва грамадзкае абмеркаваньне – “каб заплянаваны скейт-парк не апынуўся раптам не прыдатным для катаньня, а ўсе вашыя намаганьні – марнымі”.

За некалькі дзён пэтыцыя сабрала каля 200 подпісаў.

Катаемся “на помніках”…

Аўтарка звароту віцебская скейтарка Ксюша Манкевіч гаворыць, што часьцей за ўсё экстрэмалы ў Віцебску катаюцца “на помніках”: каля “трох штыкоў” на плошчы Перамогі, ля помніку Машэраву ці на лесьвіцы да Усьпенскага сабору. Карыстаюцца і так званай “ямай” каля Летняга амфітэатру. “Але ў сьпякоту катацца там проста невыносна”, – прызнаецца.

Дзяўчына кажа, што ідэальным месцам для будаўніцтва скейт-парку ў Віцебску была б, напрыклад, пляцоўка за Лядовым палацам, дзе дастаткова месца і ёсьць дрэвы.

Нават у Жодзіне ёсьць скейт-парк

“Колькі ў краіне скейт-паркаў, дакладна не скажу, але, прыкладам, у Менску дзейнічае два. Нядаўна адчынілі ў Жодзіне, у горадзе з колькасьцю насельніцтва ўсяго 65 тысяч чалавек. А ў Віцебску – 377 тысяч, і нічога няма…” – наракае Ксюша.  

Што да абласных цэнтраў, дык у 2014 годзе экстрым-парк адчынілі ў Магілёве, у 2017-м – у Гомлі…

Скейтарка сьцьвярджае, што гэта ня першая просьба да віцебскіх ўладаў аб будаўніцтве парку для аматараў нетрадыцыйных відаў спорту. Але далей абяцаньняў ніколі нікуды ня йшло.

Сапраўды, у 2014 годзе экстрэмалы зьвярталіся да гардзкіх уладаў з прапановай стварыць грандыёзны экстрым-комплекс пад дахам на месцы былога кінатэатру “Брыганціна”, але ўладальнікамі будынку спартоўцы так і ня сталі.

Пакуль што прыхільнікі скейтбордынгу, паркуру, BMX ды іншых экстрэмальных відаў спорту застаюцца ў Віцебску па-за гульнёй. А часьцяком – і па-за законам. У дзяржавы іншыя прыярытэты.

Падпісацца пад пэтыцыя можна тут.

Зьміцер Міраш, фота park-city.by