Серада, 20 Снежань 2017

Школьнае харчаваньне ў Полацку: парушэньні выяўленыя на ўсіх правераных аб’ектах

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Школьнае харчаваньне ў Полацку: парушэньні выяўленыя на ўсіх правераных аб’ектах Фота: sch-55.ru

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці агучылі вынікі праверкі ААТ «Полацак-гандаль», якое абслугоўвае ў Полацку 15 установаў адукацыі – амаль 8,5 тысячы чалавек.

Высновы праверкі: збалянсаванае харчаваньне не забясьпечанае, натуральныя нормы па рыбе, малацэ, кісламалочных вырабах, садавіне, гародніне, соку, яйкам і іншых востра неабходных дзіцячаму арганізму прадуктах ня выкананыя. Затое багата на школьных сталох крупы, бульбы, макаронаў... Калярыйнасьць страў заніжаная.

На ўсіх правераных аб'ектах выяўленыя парушэньні патрабаваньняў санітарных нормаў і правілаў. Не саромеюцца харчавікі і завышаць кошты ў школьных буфэтах. У школе № 16, напрыклад, цэньнікі на ваду, сокі і нэктары «зьнячэўку» падскочылі на 22-40 капеек. Тут жа за піражкі зь яблыкамі прасілі на 4 капейкі больш за іх рэальны кошт. Лухта, дробязі? Памножце гэтыя дробязі на 8,5 тысячы кліентаў – атрымаецца больш чым салідная сума.

За гэтыя і іншыя парушэньні па арганізацыі харчаваньня дзяцей у Полацку Камітэт дзяржкантролю вобласьці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасьці 18 службовых асобаў, а таксама само прадпрыемства ААТ «Полацак-гандаль».

Праўда, надзеі на тое, што гэта паслужыць добрай навукай для вінаватых, а таксама для іх калегаў, якія працуюць са школьнікамі ў іншых рэгіёнах, няма. Бо на пачатку бягучага году аналягічныя праверкі ўжо праходзілі ў Воршы і Віцебску. Вынік – звыш 50 (!) пакараных, адмысловая калегія Камітэту дзяржкантролю вобласьці. Па выніках праверак у цэлым па краіне – аналягічная нарада на рэспубліканскім узроўні, даручэньня па тэрміновай ліквідацыі хібаў і недапушчэньні іх надалей. Пытаньне быў узятыя на кантроль прэзыдэнтам. Нейкія захады, вядома, зробленыя. Але, як паказвае практыка, яны відавочна недастатковыя. Пра гэта казалі і на нядаўнім паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму, дзе шукалі прычыны і агучвалі наступствы недаглядаў.

Дарэчы, на даручэньні прэзыдэнта ўстановамі адукацыі былі распрацаваныя двухтыднёвыя рацыёны харчаваньня. Большасьць зь іх... не прайшлі санітарна-гігіенічнай экспэртызы. Кантралёры сьцьвярджаюць: прычыны ў тым, што па завядзёнцы вызначальным чыньнікам падчас складаньня мэню зьяўляецца кошт. То бок прадукты «падганяюцца» пад кошт абеду без уліку іх калярыйнасьці і збалянсаванасьці па бялках, тлушчах і вугляводах.

Алена Бегунова, sb.by