Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 07 Сакавік 2017

Віцебскіх падлеткаў адправяць у папраўчую калёнію ў Глыбокім

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прафіляктычную экскурсію ў калёнію ў Глыбокім плянуюць арганізаваць для віцебскіх падлеткаў з групы рызыкі. Пра ініцыятыву распавёў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі, старшы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкаму Максім Гумінскі.

"Як адзін з прафіляктычных захадаў, найбліжэйшым часам плянуем сумесна з упраўленьнем Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Віцебскай вобласьці і ўпраўленьнем адукацыі арганізаваць паездку групы віцебскіх падлеткаў у папраўчую калёнію асобага рэжыму №13 у Глыбокім, дзе адбываюць пакараньні асобы, судзімыя паводле артыкулу 328 КК – за незаконны абарот наркатычных сродкаў. Каб падлеткі з групы рызыкі ўбачылі, чым можа абярнуцца гэткі занятак", – сказаў Максім Гумінскі.

Група будзе набірацца найперш зь ліку тых непаўналетніх, хто ўжо трапіў у зону ўвагі праваахоўнікаў, пэдагогаў, мэдыкаў. Яны змогуць пагутарыць з аднагодкамі-вязьнямі, якія пойдуць на кантакт і пагодзяцца распавесьці пра горкі досьвед. Зрэшты, упэўнены Максім Гумінскі, і самой атмасфэры калёніі, адчуваньня сябе ў замкнёнай прасторы ўжо будзе дастаткова.

З эфэктыўнасьцю такіх прафіляктычных захадаў згодны і галоўны пазаштатны падлеткавы нарколяг вобласьці Аляксандар Герасімоўскі. Ён адзначыў моцны ўплыў, які мелі паказальныя судовыя разгляды з удзелам падлеткаў у навучальных установах, калі за распаўсюд наркотыкаў 16-гадовыя хлопцы атрымлівалі вялікія тэрміны бяз права на датэрміновае вызваленьне. "Гэтыя і іншыя захады, як і ўвесь дэкрэт №6, далі свае станоўчыя вынікі. Калі на канец 2014 году ў вобласьці на ўліку ў нарколяга стаялі 1757 непаўналетніх, то ў 2016-м ужо 1448. На пачатак 2017 навучальнага году новых выяўленых амаль няма – усяго 2 чалавекі. Скарацілася і колькасьць ананімных зваротаў бацькоў", – адзначыў Аляксандар Герасімоўскі.

Акрамя таго, цяпер упраўленьнем па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі распрацоўваюцца мэтадычныя рэкамендацыі для ўстаноў адукацыі, дзе будуць ляканічна і даступна выкладзеныя зьнешнія прыкметы і паводніцкія рэакцыі школьнікаў, якія дапамогуць выявіць спажываньне наркотыкаў на раньняй стадыі. А таксама інфармацыя пра наступствы, якія за сабой цягнуць такія дзеяньні. Падобныя мэтадычкі ў выглядзе брашур распрацоўваліся раней мэдыкамі. Менавіта гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца і дапаўняюцца ў адпаведнасьці з навінамі ў заканадаўстве, а таксама з улікам масы новых наркотыкаў.

"Адзначу, што па кожным факце спажываньня непаўналетнімі праводзіцца службовае разьбіральніцтва для выяўленьня прычын і ўмоў ўцягваньня падлетка ў гэта. І даецца ацэнка прадстаўнікам суб'ектаў прафіляктыкі: адбылося гэта па незалежных ад іх абставінах або меў месца недагляд", – сказаў на заканчэньне Максім Гумінскі.

Кацярына Князева, belta.by