Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 04 Снежань 2016

У Віцебску ў бабулі адабралі дзіця: «Схапілі як злачынцу, павезьлі невядома куды»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Хрысьціна Багрэц Хрысьціна Багрэц

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 23лістапада разглядалася скарга на рашэньне адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, якая пазбавіла бабулю права апякунства над сваім амаль 15-гадовым унукам. Пастанова суду: падстаў для скасаваньня рашэньня раённай адміністрацыі няма. Пажылая жанчына абураная такой пастановай і мае намер зьвярнуцца ў міжнародныя органы.

Хрысьціна Віктараўна Багрэц з 2011 году аформіла апеку над унукам Глебам. Яе нявестка Сьвятлана была на той час пазбаўленая бацькоўскіх правоў, а бацька хлопчыка памёр у 2009 годзе. Глеб пражываў з бабуляй у трохпакаёвай кватэры па вуліцы Янкі Купалы. Унук, як праўдзіва патлумачыла Хрысьціна Віктараўна, меў праблемы з навучаньнем, большую частку дня і ночы сядзеў за кампутарам, гуляў у папулярныя ў моладзі гульні. І бабуля ня раз зьвярталася па дапамогу да пэдагогаў і дырэктара школы №10, дзе хлопчык вучыўся, прасіла падцягнуць яго па некаторых прадметах.

10 красавіка бабулі нечакана стала кепска. Глеб тут жа выклікаў хуткую дапамогу, і жанчыну павезьлі ў Віцебскі абласны шпіталь, дзе лекары зрабілі тэрміновую апэрацыю. Як толькі Хрысьціна Віктараўна прыйшла ў сябе, яна адразу паведаміла сваёй дачцэ і зяцю, што дзіця засталося дома адно. І дамовілася са сваякамі, што тыя паклапоцяцца пра Глеба. А 13 красавіка дахаты да Глеба прыйшлі супрацоўнікі школы, занепакоеныя тым, што хлопец не наведвае заняткі. Яны забралі хлопца на ўрокі, а з установы адукацыі той паехаў у сацыяльна-пэдагагічны прытулак на вуліцы Залатагорскай.

“Мне сказалі, што я пабуду там, пакуль бабуля хварэе”, – патлумачыў Глеб, які прысутнічаў на судовым паседжаньні.

Аднак вярнуцца ў кватэру на вуліцы Янкі Купалы Глебу не давялося. Ужо 15 красавіка адміністрацыя Кастрычніцкага раёну вынесла рашэньне аб пазбаўленьні Хрысьціны Віктараўны апякунства над унукам. Сама бабуля даведалася пра тое, што Глеба адправілі ў Сеньненскую школу-інтэрнат, калі выпісалася зь лякарні.

“Схапілі дзіця як злачынцу, павезьлі невядома куды, – абураецца Хрысьціна Віктараўна, – а мне з усіх інстанцыяў, куды я зьвярталася са скаргай, давалі адпіскі, што няма ўмоў для выхаваньня і пражываньня непаўналетняга. Аддзел апекі абвінаваціў у тым, што я не ажыцьцяўляю належны нагляд за Глебам, што пакінула яго аднаго, што не паставіла іх у вядомасць. Але ж дзіця даглядалі яго родныя цётка і дзядзька”.

Праваабаронцу Паўла Левінава, які прысутнічаў на судзе, абурылі паводзіны органаў апекі:

“А калі б Хрысьціна Віктараўна памерла ў шпіталі, то рашэньне пра скасаваньне апякунства было прынятае ў дачыненьні да нябожчыцы?”

Дырэктар школы №10 Вольга Каранеўская распавяла, што з 10 па 22 красавіка, калі бабуля знаходзілася на лекаваньні ў шпіталі, у школу ніхто не патэлефанаваў і не паведаміў пэдагогам пра сытуацыю, якая склалася.

“Па мабільным тэлефоне мы да Хрысьціны Віктараўны не дазваніліся, – патлумачыла Вольга Пятроўна, – таму і забілі трывогу”.

Пэдагогі школы паведамілі суду, што Глебу ня раз прызначаліся дадатковыя заняткі, каб падцягнуць яго пасьпяховасьць. Але на ўрокі ён не прыйшоў. У выніку па некаторых агульнаадукацыйных дысцыплінах хлопчык атрымліваў вельмі нізкія ацэнкі.

“Я прашу Вас скасаваць гэтае страшнае рашэньне органаў апекі, – папрасіла на судзе бабуля Глеба, – у мяне проста сэрца з грудзей вырвалі, калі я даведалася, што пазбаўленая апякунства, хлопчык мой ня п'е, ня курыць, ня водзіць дадому дрэнныя кампаніі, за што ж нас разлучылі? Так, мне ўжо 78 гадоў, але я адчуваю сябе добра, гатовая і далей займацца яго выхаваньнем”.

24 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пастанавіў, што падстаў для адмены рашэньня аб пазбаўленьні апякунства Хрысьціны Віктараўны Багрэц над непаўналетнім унукам Глебам няма. Таму дзіця, як і раней, будзе знаходзіцца ў Сеньненскай школе-інтэрнаце.

Вось як пракаментаваў рашэньне суду праваабаронца Павал Левінаў:

“Суд праігнараваў факт парушэньня правоў адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну горада Віцебска на неўмяшаньне ў сямейнае жыцьцё бабулі і ўнука. Сваё рашэньне судзьдзя абгрунтавала нормамі нацыянальнага заканадаўства, якое часам супярэчыць і Канстытуцыі краіны, і ратыфікаваным Беларусьсю міжнародным дамовам. Пазбаўленьне бабулі апякунства з пункту гледжаньня інтарэсаў дзіцяці было празьмерна радыкальным і непрапарцыйным. Бабуля, таксама як і ўнук, маюць намер прайсьці ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны і, у выпадку адмоўнага выніку, зьвярнуцца ў міжнародныя органы. Важна адзначыць, што ў залі суду прысутнічаў адвакат дзіцяці, якога судзьдзя да ўдзелу ў працэсе не дапусьціла”.

І Глеб, і Хрысьціна Віктараўна спадзяюцца, што змогуць зноў жыць разам. Бо бываюць у такіх гісторыяў і шчасьлівыя фіналы. Так, віцяблянка Тацяна Чарвякова змагла вярнуць сабе сына Захара, якога забралі органы апекі.

Яўгенія Масквіна, vkurier.by