Нядзеля, 17 Ліпень 2016

Маці, не пазбаўленая бацькоўскіх правоў, шэсьць гадоў дамагаецца вяртаньня дзяцей у сям’ю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Марыя Сьвятлова-Лебедзева Марыя Сьвятлова-Лебедзева

Марыя Сьвятлова-Лебедзева - інвалід другой групы па слыху і зроку. Тым ня менш у яе амаль дваццаць сем гадоў бесьперапыннага працоўнага стажу на адным прадпрыемстве. Але не пра прафэсійную дзейнасьць жанчыны пойдзе гаворка далей. Зьвярнуцца да нас грамадзянку падштурхнулі зусім іншыя акалічнасьці.

Амаль шэсьць гадоў таму органы апекі на той падставе, што маці ня можа ў поўным аб'ёме выконваць свае бацькоўскія абавязкі, забралі зь сям'і ў дзіцячы дом дачку Сьняжану і малодшага сына Мікіту. Увесь гэты час бацькі спрабавалі вярнуць дзяцей, але кожны раз на шляху ўзьяднаньня сям'і паўставалі нейкія перашкоды.

Марыя, падзяліцеся сваім бачаньнем гэтай праблемы.

На той момант, калі зь сям'і забіралі нашых дзяцей, а было гэта ў 2010 годзе, мае хваробы ўваходзілі ў пералік тых захворваньняў, пры якіх бацькі ня могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі. Мяркую, што адной з прычын для прыняцьця аддзелам апекі гэткага рашэньня стала тая акалічнасьць, што некалькі раней я сама зьвярнулася з просьбай зьмясьціць у інтэрнат майго старэйшага сына, якому не магла даць рады. З малодшымі ж дзецьмі ў мяне ніякіх канфліктаў не было: яны разумныя і паслухмяныя дзеці. Хачу адзначыць, што забралі іх без пазбаўленьня мяне бацькоўскіх правоў. Ктосьці, тым ня менш, і па месцы працы, і ў аддзеле апекі распаўсюджваў чуткі, што бацькоўскіх правоў я пазбаўленая.

Дзяцей зьмясьцілі ў Віцебскі дзіцячы дом, дзе я іх рэгулярна наведвала. Аднак не мінула і паўгода, як малодшага сына разлучылі з роднай сястрой і адправілі ў Браслаўскі раён, у школу-інтэрнат для разумова адсталых дзяцей да зводнага брата, зь якім ён ня быў нават знаёмы. Я пісала наконт гэтага ў розныя інстанцыі, але ніхто мяне слухаць ня стаў, заявіўшы, што ўсё зроблена па закону. Дабірацца ў Браслаў было складана, дый з пустымі рукамі не паедзеш. З-за матэрыяльных праблем я не змагла іх наведваць. Пасьля двухгадовага знаходжаньня малодшага сына перавялі ў Бягомльскую школу-інтэрнат.

На ўтрыманьне дзяцей з агульнай сумы заработнай платы і пэнсіі ў мяне рэгулярна вылічвалі да 75 адсоткаў. Адзін час мяне наогул пазбавілі пэнсіі, хаця другая група, якой мяне ніхто не пазбавіў, лічыцца непрацоўнай, згодна з законам я маю права працаваць толькі на спэцыялізаваным прадпрыемстве.

Вы казалі мне, што аднойчы вам усё ж удалося вярнуць дзяцей у сям'ю, што ж тады стала прычынай іх паўторнага зьмяшканьня ў спэцустановы?

У 2014 годзе бацька Сьняжаны і Мікіты пацьвердзіў сваё бацькоўства і яму вярнулі дзяцей. Да гэтага я лічылася маці-адзіночкай. Нягледзячы на ​​тое, што дзяцей вярнулі, органы апекі катэгарычна забаранілі мне наведваць маіх дзяцей. Прычынай паўторнага адабраньня дзяцей зь сям'і стала тая акалічнасьць, што ў гадавіну сьмерці свайго бацькі мой муж трохі выпіў. Органы апекі засьпелі яго ў нецьвярозым стане і ня толькі забралі дзяцей, але і пазбавілі яго на гэтай падставе бацькоўскіх правоў. Сьняжану зноў забралі ў Віцебскі дзіцячы дом, Мікіта зноў трапіў у Бягомель. Старэйшы сын на той час ужо дасягнуў паўналецьця і вучыўся ў ліцэі. Дзяцей зноў разлучылі.

Амаль шэсьць гадоў Вы спрабуеце дамагчыся вяртаньня дзяцей у сям'ю, як жа ідуць справы на цяперашні момант?

Цяпер Сьняжане ўжо 16 гадоў, яна вучыцца ў каледжы. Сыну - 12, і ён па-ранейшаму ў Бягомлі. Напярэдадні Новага году самым запаветным жаданьнем дзяцей было вярнуцца ў сям'ю, да мамы. Сьняжана прасілася дадому, адмаўлялася жыць у інтэрнаце. Я вельмі перажывала за псыхаэмацыйны стан дзяцей. Аднак судзьдзя была няўмольнай: яна заявіла, што «на думку суда, пражываньне дзяцей у сям'і немэтазгоднае». У дачкі была істэрыка. Малодшы сын моцна пыкае. На судзе псыхолягам было заяўлена, што дзіця павінна знаходзіцца ў сям'і. Ён хатні хлопчык. Аднак ані заключэньне псыхоляга, ані жаданьне дзяцей суд пад увагу ня ўзяў. Яны ўбачылі толькі нэгатыў.

Мы прыклалі нямала намаганьняў, каб вярнуць дзяцей у сям'ю. Дзеля гэтага мы з мужам памяняліся кватэрамі. Ён з маім старэйшым сынам жыве ў маёй кватэры, там нам не па сілах зрабіць неабходны рамонт, а я з дачкой і малодшым сынам мела намер жыць у яго кватэры, дзе ўмовы для пражываньня лепшыя. Але мне заявілі, што і гэтыя ўмовы не нармальныя для пражываньня дзяцей. Тут ёсьць усё: спальныя месцы і стол для заняткаў, тэлевізар, хатняя бібліятэка, лядоўня заўсёды запоўненая прадуктамі.

Мне дапамагае родны брат, інвалід па зроку. Ён у мінулым - мастак-афарміцель. Разам зь ім мы зрабілі шафу, пакой і калідор цалкам пераклеілі. Але органы апекі гэта не задаволіла. Для іх, напэўна, і эўрарамонт будзе дрэнны, хаця тыя ўмовы, у якіх дачка жыла ў інтэрнаце, нічым ня лепшыя.

Апроч таго мы стараліся выконваць і іншыя патрабаваньні, што прад'яўляюцца органамі апекі: напісалі заяву на аднаўленьне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, муж закадаваўся, хоць лекар казала яму, што ня трэба гэтага рабіць, але мы папрасілі ў надзеі на вяртаньне дзяцей. Цяпер кадаваньне выкарыстоўваецца як факт, які перашкаджае вяртаньню дзяцей.

Быў яшчэ цікавы момант: хоць дачку забралі без пазбаўленьня мяне бацькоўскіх правоў, яе ўключылі ў сьпісы тых дзяцей, якія шукаюць новую сям'ю. Хіба гэта нармальна?

Зварот у сродкі масавай інфармацыі стаў для Марыі Юр'еўны апошняй надзеяй на вяртаньне дзяцей у сям'ю.

С. Горкі