Чацвер, 28 Сакавік 2013

У дзіцячых садках Віцебшчыны знаходзіцца небясьпечна?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пракуратура выявіла шэраг парушэньняў у працы дзіцячых садкоў Віцебскай вобласьці, паведаміла памочнік пракурора Віцебскай вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Крукоўская. Па выніках праведзенай праверкі пракурорамі гарадоў і раёнаў вобласьці было ўнесена 19 прадстаўленьняў, 5 прадпісаньняў, 1 пратэст. У дачыненьні да васьмі службовых асобаў накіраваны патрабаваньні аб узбуджэньні адміністрацыйных працэсаў.

Пракуратурай вобласьці ў мэтах ліквідацыі парушэньняў адпаведнага заканадаўства, прычын і ўмоў, якія спрыяюць ім, унесенае прадстаўленьне начальніку ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму, па выніках разгляду якога да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнуты шэраг службовых асобаў аддзелаў і ўстаноў адукацыі з 15 рэгіёнаў вобласьці.

Парушэньні былі выяўленыя ў ходзе праверкі выкананьня ўстановамі дашкольнай адукацыі заканадаўства, накіраванага на абарону правоў дзяцей. Так, у асобных дзіцячых садках Віцебскага, Браслаўскага раёнаў, Віцебску не выконваўся парадак прыёму выхаванцаў. У некаторых установах дашкольнай адукацыі абласнога цэнтру, Полацка, Полацкага, Браслаўскага, Мёрскага і Вушацкага раёнаў не вытрымліваліся нормы напаўняльнасьці груп дзецьмі. Таксама былі выяўленыя выпадкі невыкананьня тэмпературнага рэжыму, факты неналежнага агароджваньня тэрыторыі, наяўнасьці дэфэктаў мэталёвага абсталяваньня на гульнявых пляцоўках, неабходнасьці правядзеньня рамонту фасадаў будынкаў, навесаў, вэранд і тэрас.

Актуальны характар носяць пытаньні забесьпячэньня пажарнай бясьпекі ў шэрагу дашкольных устаноў Шумілінскага, Глыбоцкага, Віцебскага, Полацкага, Талачынскага, Шаркоўшчынскага, Пастаўскага, Сеньненскага раёнаў, Кастрычніцкага раёну Віцебску, Воршы і Полацку. Праблемы, зьвязаныя з асьвятленьнем памяшканьняў, арганізацыяй харчаваньня дзяцей, станам харчаблёкаў і санітарных вузлоў былі выяўленыя ў асобных дзіцячых садках Полацку, Наваполацку і Воршы, Полацкага, Расонскага, Шаркоўшчынскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Мёрскага, Дубровенскага, Лепельскага, Пастаўскага, Лёзьненскага, Сеньненскага, Браслаўскага і Шумілінскага раёнаў.

Падчас рэалізацыі праграм абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, службовымі асобамі устаноў адукацыі дапускаліся факты неналежнай арганізацыі працы зь сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, парушэньні патрабаваньняў, што прад’яўляюцца, да парадку выяўленьня непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, адзначыла Ірына Крукоўская.

Крыніца: БелТА