Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Студзень 2014

Органы апекі і інспэкцыя па справах непаўнагадовых цікавяцца месячным сынам Вольгі Карач

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вольга Карач з сынам Сьвятаславам Вольга Карач з сынам Сьвятаславам

Лідэр кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач разам з мужам і сынам Сьвятаславам, які нарадзіўся 3 сьнежня, днямі прыехалі на радзіму, у Віцебск. Праз тыдзень пасьля прыезду да Вольгіных бацькоў прыйшла праверка. У кватэру, дзе прапісаная Вольга Карач, зьявіліся прадстаўнікі органаў апекі Кастрычніцкага раёну Віцебску і раённай камісіі па справах непаўналетніх.

«Мы прыехалі ў Віцебск 7 студзеня. Я займалася зборам дакумэнтаў, каб аформіць дэкрэтны адпачынак. Але я мусіла ад’ехаць, і якраз у гэты дзень да маёй маці прыйшлі з праверкай. Пыталіся дзіўныя, на мой погляд, рэчы: ці ёсьць у сына дзіцячы вазок, або — калі мы набывалі яму адзеньне і цацкі: да родаў ці пасьля. На гэтыя пытаньні была вымушана адказваць бабуля. Сваё зьяўленьне інспэктары патлумачылі тым, што ім трэба скласьці акт пра жыльлёвыя ўмовы дзіцяці. Урэшце напісалі, што яны добрыя. Праўда, копію акту не пакінулі. І я абураная самім стаўленьнем да нашай сям’і! Я ведаю, што гэткія праверкі праводзяцца, калі дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Хіба мой сын — у такім становішчы? Што за нездаровая цікаўнасьць да мяне і майго сына?»

Спадарыня Вольга зазначыла, што ўвогуле не разумее ініцыятывы правяраць жыльлёвыя ўмовы дзіцяці, якое на сёньняшні дзень яшчэ нідзе не прапісанае. Яны з мужам яшчэ вырашаюць, дзе прапісаць малога — з бацькам ці з маці. Маленькага Сьвятаслава яшчэ не паставілі на ўлік у дзіцячай паліклініцы, працягвае Вольга Карач:

«Я пайшла ў паліклініку з дакумэнтамі, каб завесьці картку на сына. Але паводле ўмоваў паліклінікі карткі дзяцей захоўваюцца ў іх. Я ведаю выпадкі, калі карткі проста гублялі, і таму папрасіла, каб картка або захоўвалася ў нас, або каб мне назвалі асобу, якая пэрсанальна будзе несьці адказнасьць за захаванасьць карткі майго дзіцяці. Мне такую асобу не назвалі, і ў паліклініцы на ўлік Сьвятаслава так і не паставілі. Увогуле яго няма на ўліку ў ніводнай беларускай структуры. У мяне не аформлены дэкрэтны адпачынак. Дык адкуль тады праверкі? Адкуль стала вядома, што мы наогул у Віцебску? Я лічу, што гэта ціск на мяне і на маю сям’ю. Дарэчы, не пасьпела я сюды зьявіцца, як да мяне зьявіліся пытаньні і ў падатковай інспэкцыі. Ва ўсіх пытаньні толькі да мяне. І ніхто зь дзяржаўных службоўцаў так і ня даў мне ўцямнага адказу, прыкладам, як аформіць дэкрэтны адпачынак».

Сыну Вольгі Карач Сьвятаславу яшчэ толькі паўтара месяца. Маці апавяла, што ён нарадзіўся ва Ўкраіне, у Харкаве. Але ён грамадзянін Беларусі, як і ягоныя бацькі. І гэта, лічыць маці, абуральна, калі жыцьцё маленькага чалавека пачынаецца зь ціску — пакуль бюракратычнага, але, перакананая Вольга Карач, з палітычных прычын.

У навукова-мэтадычным габінэце аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску сказалі, што іх супрацоўнікі сапраўды праводзяць праверкі па хатах тады, калі прыходзіць інфармацыя пра тое, што дзеці гадуюцца ў неспрыяльных умовах:

«Да нас сапраўды паступаюць сыгналы пра праблемныя сем’і. Па такіх адрасох выходзяць спэцыялісты і робяць праверку на месцах. Гэта наш абавязак, бо мы выконваем функцыю апекі непаўнагадовых. У дачыненьні да Вольгі Карач такой інфармацыі не паступала. У журнале зваротаў гэтае прозьвішча таксама не фігуруе», — паведаміла мэтадыст Аксана Аладзіна.

Радыё Свабода