Гэта ўжо чацьверты выпуск штогодніка «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне». Апроч публікацыі друкаванага выданьня, аўтары кнігі разьмясьцілі ў інтэрнэце яе электронную вэрсію, якую можа спампаваць кожны ахвотны.

Як адзначаюць у прадмове да кнігі яе ўкладальнікі, «цягам ліпеня 2014 г. – чэрвеня 2015 г. (менавіта гэтаму часаваму інтэрвалу прысьвечаны выпуск) сытуацыя з правамі чалавека ў Віцебскім рэгіёне, як і ў краіне ў цэлым, істотна не зьмянілася ў параўнаньні з ранейшым пэрыядам». Тым ня менш, у параўнаньні з выпускам, які быў выдадзены год таму, аб'ём кнігі павялічыўся ў паўтара разы, што можа сьведчыць пра тое, што правы чалавека ў рэгіёне, імаверна, усё-такі сталі парушацца часьцей.

Кніга складзеная на падставе публікацыяў, разьмешчаных на праваабарончых сайтах, а таксама артыкулаў, апублікаваных іншымі інтэрнэт-рэсурсамі. Усе матэрыялы выданьня разьбітыя на дванаццаць разьдзелаў.

Апроч інфармацыі пра ўласна парушэньні правоў чалавека, як грамадзянскіх і палітычных, гэтак і сацыяльных, эканамічных ды культурных, складальнікі кнігі таксама падаюць зьвесткі пра маніторынг судовых працэсаў, паведамляюць пра грамадзянскія ініцыятывы і акцыі, асьвятляюць дзейнасьць праваабаронцаў па адстойваньні грамадзкіх інтарэсаў. Асобны разьдзел прысьвечаны зваротам жыхароў Віцебшчыны ў Камітэт ААН па правох чалавека. 

Віцебская вясна

У межах грамадзянскай справы судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Натальля Лях адмовілася задаволіць скаргу пэнсіянэра і інваліда другой групы, праваабаронцы Валера Місьнікава на дзеяньні дзяржаўных органаў і службовых асоб. Спадар Місьнікаў заяўляе, што калі яму ня ўдасца дамагчыся справядлівасьці ў беларускіх судох, то ён будзе вымушаны зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі для абароны сваіх сацыяльных правоў.

Увечары 23 ліпеня ў Віцебску прайшоў двухгадзінны сэмінар для пачаткоўцаў «Правы чалавека “на пальцах”». Удзел у навучальнай асьветніцкай праграме ўзялі маладзёны – прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў, студэнты, а таксама ўсе ахвотныя, якіх хвалюе праблема правоў чалавека.

У цяперашні момант заснавальнік «Платформ інавэйшан», жыхар Віцебску Міхаіл Жамчужны рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд, знаходзячыся ў карцэры віцебскага СІЗА-2. Ён трапіў туды на 25 сутак, прычым ужо не ўпершыню. Паводле Жамчужнага, яму там «спакайней», бо ён мае магчымасьць застацца сам-насам і засяродзіцца на развагах наконт сваёй справы.

Толькі з другой спробы ўдалося заснавальніку арганізацыі «Платформ інавэйшан» Міхаілу Жамчужнаму, якога ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА, даслаць ліст праваабаронцу Леаніду Сьвеціку. Першы ліст быў канфіскаваны цэнзарам пэнітэнцыярнай установы.