Пятніца, 06 Май 2022

Здымак праваабаронцы Ігара Казмерчака – на стэндзе «Іх шукае міліцыя»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Cтэнд «Іх шукае міліцыя» ў Воршы Cтэнд «Іх шукае міліцыя» ў Воршы

Пра гэта аршанскаму праваабаронцу і журналісту паведамілі сябры. Сам ён вымушана знаходзіцца ў замежжы пасля шэрагу ператрусаў у межах трох крымінальных справаў. Ужо падчас ягонага знаходжання па-за межамі Беларусі супраць Ігара Казмерчака распачалі новую крымінальную справу – за абразу Аляксандра Лукашэнкі. І абвясцілі актывіста ў вышук, размясціўшы яго фотаздымак на адпаведным стэндзе.

Каля тыдня таму ў паштовую скрыню Ігара Казмерчака ў Воршы трапіў ліст з паведамленнем пра тое, што на яго завялі крымінальную справу па ч.1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. Справай займаецца Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Актывіста запрасілі на гутарку ў гэтую ўстанову.

«Я цяпер далёка ад Воршы, але ў лепшыя для нашай краіны часы я абавязкова пацікаўлюся, што гэта за справа. Пакуль я не ведаю афіцыйных падставаў, а выказваць меркаванні публічна не хачу, каб не даваць нагодаў для пераследу. Тым болей, што ў міліцыі дагэтуль застаюцца забраныя з «Цудоўнай крамы» майкі і кубкі з «Пагоняй». Так што ці мала якія справы следчым захочацца супраць мяне распачаць у дадатак. Гэта вельмі выгадна: ведаць, што я не ў Беларусі, і абвяшчаць пра пачатак новай «крыміналкі». На допыт мяне выклікаць немагчыма, кінуць за краты – таксама, так што міліцыянтам застаецца хіба што пісаць паперкі, як мяне шукалі ды не знайшлі», – кажа Ігар Казмярчак.

Ён прыгадвае, што пасля жнівеньскіх падзеяў 2020-га году першай крымінальнай справай супраць яго была справа за няплату падаткаў. Але яна развалілася, бо доказаў не знайшлі. Забраны ноўтбук і мабільны тэлефон давялося вяртаць.

Потым была справа за нібыта нанясенне графіці на нейкія будынкі ў Воршы. Ігару Казмерчаку нават не патлумачылі, на якія канкрэтна. Трэцяя справа супраць праваабаронцы тычыцца «Справы «Вясны». У межах гэтай справы міліцыянты правялі некалькі ператрусаў, у тым ліку ўдома ў Казмерчака і ў «Цудоўнай краме» – краме беларускіх сувеніраў, адчыненай ім у Воршы. Неўзабаве краму давялося закрыць праз штучныя бюракратычныя перашкоды, праблемы з працай меў і аршанскі незалежны сайт orsha.eu, заснаваны актывістам, а таксама была ліквідавана ГА «Звяз», якім шмат гадоў кіраваў Ігар Казмярчак.

У Воршы ён – вядомая асоба. Але тое, што яго будуць пазнаваць на стэндзе вышуку, журналіста і праваабаронцу не бянтэжыць. Ён перакананы, што ўсе, хто з ім знаёмы, добра разумеюць, чаму ягоны здымак туды трапіў.

Юрка Жмых