Нядзеля, 20 Люты 2022

Жыхароў Віцебску выклікаюць у СК па справе «Вясны»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Упраўленне СК па Віцебскай вобласці Упраўленне СК па Віцебскай вобласці

Некалькі чалавек за апошні тыдзень атрымалі тэлефанаванні са Следчага камітэту. Следчыя запрашалі прыйсці на допыт «пра Бяляцкага», а таксама называлі прозвішчы іншых праваабаронцаў. Тым, хто ўжо схадзіў у СК, сказалі, што яны знаходзяцца ў статусе сведак па крымінальнай справе.

У віцяблян бралі падпіску пра неразгалошванне, таму зместам гутарак яны падзяліцца не могуць. Але адзначаюць, што размовы працягваліся па 2-3 гадзіны.

Справа «Вясны» – гэта некалькі крымінальных справаў, распачатых у дачыненні да кіраўніцтва і сябраў арганізацыі за праваабарончую дзейнасць і дапамогу людзям у адстойванні іх правоў і інтарэсаў.

На дадзены момант 7 «вясноўцаў» застаюцца за кратамі, у тым ліку старшыня праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка, якога цяпер утрымліваюць пад Віцебскам у калоніі «Віцьба-3» (асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Пераслед «вясноўцаў» праходзіць па шэрагу артыкулаў. Лідараў праваабарончага цэнтру Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, затрыманых у межах крымінальнай справы, вінавацяць па ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад выплаты падаткаў). У дачыненні да іх абраная мера стрымання – заключэнне пад вартай.

За кратамі ўтрымліваюць і валанцёраў «Вясны» – Таццяну Ласіцу (асуджаная па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу нібыта за парушэнне грамадскага парадку, адбывае пакаранне ў калоніі №4 г. Гомеля), Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка ( абодвух абвінавачваюць па арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), а Марфу дадаткова і па арт. 130 Крымінальнага кодэксу («распальванне варожасці»). Усе зняволеныя «вясноўцы» прызнаныя палітвязнямі.

Андрэй Кот