Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 06 Ліпень 2015

Ня ўсе лісты Міхаіла Жамчужнага праходзяць цэнзуру Віцебскага СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Толькі з другой спробы ўдалося заснавальніку арганізацыі «Платформ інавэйшан» Міхаілу Жамчужнаму, якога ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА, даслаць ліст праваабаронцу Леаніду Сьвеціку. Першы ліст быў канфіскаваны цэнзарам пэнітэнцыярнай установы.

Згодна з папярэднімі зьвесткамі, Міхаіл Жамчужны абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – 376 (часткі 1, 2), 375 (частка 1) і 431 (часткі 1, 2) – наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія ўтрымліваюць службовую таямніцу;  незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для непублічнага атрыманьня інфармацыі, якая ўяўляе сабой службовую таямніцу;  даваньне хабару.

На пачатку чэрвеня праваабаронца Леанід Сьвецік, які вядзе ліставаньне з Міхаілам Жамчужным, даслаў яму чарговы ліст. Ён выказаў словы падтрымкі вязьню і паінфармаваў яго пра тое, што праваабаронцы ўважліва сочаць за ягоным працэсам. У прыватнасьці ён адзначыў, што «праваабаронцаў не дапусьцілі нават на пачатак працэсу, які зьяўляецца адкрытым па сутнасьці і сэнсе КПК». Гэта «ёсьць працэсуальнае парушэньне», але «адзінае, што заставалася – гэта напісаць скаргу ў Кнізе заўвагаў і прапановаў, што і было зроблена».

Беручы пад увагу закрытасьць судовага працэсу, што абмяжоўвае доступ грамадзкасьці да матэрыялаў справы, спадар Леанід папрасіў Жамчужнага знаёміць яго хаця б з тымі «дэталямі працэсу, якія не парушаюць таямніцу судовага сьледзтва», і даць ацэнку «працы адваката, якасьці экспэртызаў і прафэсійнасьці адмыслоўцаў, якія бяруць удзел у працэсе». Гэтаксама ён папрасіў «паведаміць пра стан здароўя і пра тыя рэчы, якія маглі б палегчыць знаходжаньне ў СІЗА».

Адказу на свой ліст Леанід Сьвецік чакаў адзінаццаць дзён. Заснавальнік «Пляцформы» паведаміў яму, што ў сваім ранейшым лісьце, вынятым цэнзурай, ён падрабязна адказваў на ўсе пастаўленыя перад ім пытаньні. Па ўсім бачна, адказы нечым не задаволілі цэнзара, таму той ліст не дайшоў да адрасата.

У сваім апошнім лісьце Міхаіл Жамчужны выказаў падзяку за падтрымку, якая ў ягоным становішчы «ў дзесяць разоў падвышае сілы», і станоўча ацаніў працу адваката, якому «некалькі разоў удалося выкрыць ілжывыя паказаньні сьведкаў». Паводле Жамчужнага, «суд ідзе па той самай схеме, што і ў выпадках з Андрэем Бандарэнкам і Міколам Статкевічам», хаця ягонаму адвакату «толькі па адным эпізодзе ўдалося даказаць 30 адсоткаў невінаватасьці».

Як піша Жамчужны, у побытавым пляне ніякіх сур’ёзных патрэбаў ён пакуль ня мае, бо прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацыяў забясьпечылі яго ўсім неабходным. Трымаецца вязень бадзёра, «здароўе ідэальнае». «Настрой цудоўны. Чым цяжэйшы бой, тым больш зацятым будзе супраціў. Усё пераадолею: мне не прызвычайвацца, за плячыма пяць гадоў незаконнага зьняволеньня. На зло перажыву гэты рэжым, выйду і ўсё зраблю, як трэба», – пераконвае ён пры канцы ліста сябе і адрасата.

Віцебская вясна