Пятніца, 24 Ліпень 2015

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд, знаходзячыся ў карцэры

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У цяперашні момант заснавальнік «Платформ інавэйшан», жыхар Віцебску Міхаіл Жамчужны рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд, знаходзячыся ў карцэры віцебскага СІЗА-2. Ён трапіў туды на 25 сутак, прычым ужо не ўпершыню. Паводле Жамчужнага, яму там «спакайней», бо ён мае магчымасьць застацца сам-насам і засяродзіцца на развагах наконт сваёй справы.

Афіцыйная прычына зьмяшчэньня ў карцэр: ён спаў у дзённы час, і спагнаньне за гэта Міхаіл атрымаў, калі ўжо знаходзіўся ў карцэры. Карцэр – гэта не толькі вымушаная адзінота, а яшчэ і абмежаваньне ліставаньня. Таму сябры і паплечнікі пэўны час не атрымлівалі ад яго лістоў.

Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у незаконным набыцьці з мэтай збыту сродкаў для атрыманьня інфармацыі, наўмысным раскрыцьці зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, даваньні хабару і падбухторваньні да злачынства.

Жамчужны быў затрыманы ў жніўні 2014 году ў Віцебску. Пра тое, што яго забралі ў СІЗА, стала вядома не адразу. Пра гэта паведаміў бацька Андрэя Бандарэнкі, былога дырэктара «Платформ інавэйшан», які таксама знаходзіцца ў зьняволеньні.

Для праваабаронцаў па-ранейшаму застаюцца нявысьветленымі абставіны крымінальнага перасьледу Міхаіла Жамчужнага. Ён сам не паведамляе ў ліставаньні зьвестак, якія б праясьнілі сутнасьць справы, спасылаючыся на тое, што ў такім выпадку ягоныя лісты не пройдуць цэнзуру. Адвакат таксама ня можа раскрыць абставіны справы пад пагрозай крымінальнага перасьледу.

Паводле http://spring96.org/