Чацвер, 09 Красавік 2020

Упраўленьне юстыцыі адмовілася назваць склад грамадзкай назіральнай камісіі

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
На паседжаньні камісіі. Фота: vitebskjust.gov.by На паседжаньні камісіі. Фота: vitebskjust.gov.by

Праваабаронца Павал Левінаў папрасіў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі аблвыканкаму даць яму поўную інфармацыю аб складзе і працы Віцебскай абласной грамадзкай назіральнай камісіі. Яму не назвалі ніводнага прозьвішча, спаслаўшыся на тое, што гэтая інфармацыя абмежаваная.

9 сакавіка простае таварыства «Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» вылучыла Паўла Левінава ў склад Віцебскай абласной грамадзкай назіральнай камісіі (ВАГНК). Ва ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму была накіраваная заяўка. Але калі праваабаронца захацеў спраўдзіць, колькі чалавек і хто канкрэтна ўваходзіць на сёньня ў склад камісіі, сутыкнуўся з праблемамі: інфармацыя аказалася закрытай ад грамадзтва.

Не назвалі аніводнага канкрэтнага прозьвішча

Кіруючыся арт. 34 Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам права на атрыманьне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў, Павал Левінаў зьвярнуўся ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму з просьбай даць яму інфармацыю аб складзе і дзейнасьці грамадзкай назіральнай камісіі. Прасіў назваць прозьвішчы і імёны сябраў камісіі, нумары і даты загадаў аб зацьверджаньні іх кандыдатур, а таксама даты справаздач аб працы камісіі за тры апошнія гады.

Праваабаронцу не назвалі аніводнага канкрэтнага прозьвішча. Першая намесьніца начальніка ўпраўленьня юстыцыі Быкава адмовілася зрабіць гэта, спаслаўшыся на арт. 17 Закону «Аб інфармацыі», паводле якога «пэрсанальныя дадзеныя фізычнай асобы адносяцца да інфармацыі, распаўсюд і азнаямленьне зь якой абмежаванае».

Між іншым, чыноўніца паведаміла, што ў склад грамадзкай назіральнай камісіі ўваходзяць прадстаўнікі грамадзкага абяднаньня «Віцебская асацыяцыя псыхолягаў», фізкультурна-спартовага аб’яднаньня «Энэргетык-Ворша», арганізацыі «Рускі культурны цэнтар «Русь», таварыства сяброўства «Полацак-Фрыдрыхсхафэн», аб’яднаньня былых вязьняў фашысцкіх канлягераў, Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане, Беларускага фонду міру, БРСМ ды іншых арганізацый.

Левінаў патрабуе перагледзець склад камісіі

На думку Паўла Левінава, утойваньне пэрсанальных дадзеных аб складзе камісіі незаконнае. Бо, згодна з заканадаўствам, «інфармацыя аб складзе абласной камісіі накіроўваецца ва ўпраўленьне ўнутраных спраў і публікуецца ў сродках масавай інфармацыі».

Праваабаронца паведаміў «Віцебскай Вясьне», што пасьля таго як атрымаў адмову, зладзіў інтэрнэт-маніторынг і ўжо праз 4 гадзіны высьветліў прозьвішчы ўсіх сябраў камісіі (меркаваны сьпіс пакуль не публікуем).

«Аналіз складу АНК паказаў, што ў ёй адсутнічаюць прадстаўнікі праваабарончай і журналісцкай супольнасьці, а актыўны ўдзел у яе працы за 2017-2019 гады брала ўдзел меншая частка складу камісіі», – кажа Павал Левінаў.

Цяпер праваабаронца патрабуе ад упраўленьня юстыцыі перагледзець склад абласной назіральнай камісіі і ўключыць у яе прадстаўнікоў незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку праваабарончых і журналісцкіх арганізацый. Кваліфікаваных мэдыкаў і юрыстаў, а таксама экспэртаў у галіне правоў чалавека.

Просіць таксама паведаміць яму, у якіх усё ж сродках масавай інфармацыі быў апублікаваны склад ВАГНК, як таго патрабуе заканадаўства.

Нагадаем, грамадзкія назіральныя камісіі ствараюцца ў складзе ад 3 да 11 чалавек. Асноўная іх функцыя – грамадзкі кантроль за дзейнасьцю органаў і ўстановаў, якія выконваюць пакараньне ды іншыя меры крымінальнай адказнасьці.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.