Друкаваць гэтую старонку
Серада, 03 Красавік 2019

Павал Левінаў разьвёў віцебскіх судзьдзяў-сужэнцаў па розных спэцыялізацыях

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Праваабаронца Павал Левінаў Праваабаронца Павал Левінаў

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў папрасіў старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу разьвязаць даволі далікатную сытуацыю зь віцебскімі судзьдзямі-сужэнцамі Аленай Протас і Яўгенам Буруновым. Вярхоўны суд паабяцаў разабрацца…

Павал Левінаў зьвярнуў увагу на тое, што судзьдзя Яўген Буруноў уваходзіць у склад судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду. Калегія пераглядае ў апэляцыйным парадку прысуды па крымінальных справах і пастановы па адміністрацыйных справах, вынесеныя ў тым ліку судзьдзёй суду Першамайскага раёну Віцебску Аленай Протас. Між тым, Яўген Буруноў і Алена Протас ёсьць мужам і жонкай.

“Мяркую, што такая сытуацыя патрабуе разьвязаньня шляхам зьмены спэцыялізацыі аднаго з сужэнцаў Протас-Буруновых альбо іншым чынам”, – напісаў у сваім звароце ў Вярхоўны суд Павал Левінаў.

На зварот праваабаронцы адказаў намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч. Ён пацьвердзіў інфармацыю аб тым, што Буруноў і Протас, якая спэцыялізуецца на разглядзе крымінальных і адміністрацыйных справаў у Першамайскім судзе Віцебску, знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе.

“Паводле інфармацыі Віцебскага абласнога суду праз тое, што названыя судзьдзі зьяўляюцца сужэнцамі, судзьдзі Бурунову не даручаецца ўдзел у разглядзе крымінальных справаў і матэрыялаў, а таксама справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, рашэньні па якім пастаноўленыя судом Першамайскага раёну Віцебску, у тым ліку непасрэдна судзьдзёй Протас”, – тлумачыць у адказе Руслан Аніскевіч.

Але ніжэй дадае: “Разам з тым, старшыням Віцебскага абласнога суду і суду Першамайскага раёну г. Віцебску даручана разгледзець пытаньне аб зьмене судзьдзі Протас А.С. спэцыялізацыі на разгляд грамадзянскіх справаў.

Судзьдзя Яўген Буруноў працаваў раней у Кастрычніцкім судзе Віцебску, быў старшынём суду. У 2010 годзе судзіў віцебчука Сяргея Каваленку за бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ялінцы (тры гады абмежаваньня волі), у 2011-м – актывістку Тацяну Севярынец – за малітву на Усьпенскай горцы. Праваабаронца Павал Левінаў неаднойчы скардзіўся на дзеяньні судзьдзі Бурунова ў Вярхоўны суд.

Алена Протас таксама раней працавала ў судзе Кастрычніцкага раёну. Як прыклад, у 2013 годзе судзіла сябраў БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава (штрафы па 30 б.в.), сем разоў адмовіўшы ў хадайніцтвах аб удзеле ў працэсе перакладчыка…

Зьміцер Міраш