Панядзелак, 14 Студзень 2019

«Віцебская вясна» абвясьціла імёны Абаронцаў правоў чалавека – 2018

Ацаніць гэты матэрыял
(25 галасоў)

Падсумоўваючы вынікі мінулага году, рэдакцыя самага ўплывовага праваабарончага інтэрнэт-рэсурсу Віцебскай вобласьці адзначыла заслугі як асобных актывістаў, гэтак і арганізацыяў ды грамадзянскіх ініцыятываў у прасоўваньні і абароне правоў чалавека ў рэгіёне.

У сьпісе прэтэндэнтаў на званьне «Абаронца правоў чалавека году» значылася з два тузіны кандыдатаў. Зь іх журналісты і праваабаронцы, што супрацоўнічаюць з ВВ, выбралі пераможцаў у дзесяці намінацыях.

Варта згадаць, што большасьць з тых, хто сталі пераможцамі, ня ёсьць так званымі прафэсійнымі праваабаронцамі або сябрамі праваабарончых арганізацыяў. Сярод Абаронцаў правоў чалавеку году паводле Віцебскай вясны – грамадзкія актывісты, журналісты, палітыкі і нават былыя вязьні, якія ў сваёй дзейнасьці выявілі неабыякавасьць да патрэбаў тых, хто побач, ды прасоўвалі каштоўнасьці правоў чалавека і ў рэгіёне, і ва ўсёй Беларусі.

Вось поўны сьпіс Абаронцаў правоў чалавека – 2018:

  1. Міхаіл Жамчужны, Віцебск. Намінацыя «За мужнасьць, выяўленую ў абароне правоў чалавека».
  2. Васіль Берасьнеў, Ворша. Намінацыя «За ўнёсак у абарону правоў чалавека і разьвіцьцё праваабарончага руху».
  3. Арт-прастора VZAP, Віцебск. Намінацыя «За разьвіцьцё традыцыяў абароны правоў чалавека сярод моладзі і ўнёсак у праваабарончую адукацыю».
  4. Павал Левінаў, Віцебск. Намінацыя «За экспэртную дзейнасьць у галіне правоў чалавека».
  5. Мікола Шарах, Полацак. Намінацыя «За адстойваньне правоў чалавека ў судзе».
  6. Алан Сьміт, Лёндан, Вялікая Брытанія. Намінацыя «За абарону вязьняў».
  7. Зьміцер Лупач, Тацяна Смоткіна, Глыбокае. Намінацыя «За журналісцкую дзейнасьць у прасоўваньні каштоўнасьцяў правоў чалавека».
  8. Актывісткі аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Ірына Захарава, Тацяна Севярынец, Алена Шабуня, Алена Янушкоўская, Віцебск. Намінацыя «За дзейнасьць у абароне сацыяльных правоў і інтарэсаў мясцовых супольнасьцяў».
  9. Бітлз-клюб «Паддашак», Віцебск. Намінацыя «За абарону правоў чалавека сродкамі культуры і мастацтва».
  10. Рэсурс CatholicNews.by, Глыбокае. Намінацыя «За прасоўваньне ідэі талерантнасьці».

Віншуем кожнага з Абаронцаў правоў чалавека – 2018!

Віцебская вясна