Аўторак, 21 Лістапад 2017

Студэнты – таксама людзі. І ў іх таксама ёсьць правы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Права на жыцьцё, права на свабоду сходаў, права на доступ да інфармацыі і многія іншыя, як вядома, зьяўляюцца неад'емнымі правамі, якія павінны гарантавацца дзяржавай усім без выключэньня грамадзянам. А што такое правы студэнтаў? І чым правы студэнтаў адрозьніваюцца (або не адрозьніваюцца) ад правоў чалавека? Гэтым пытаньням быў прысьвечаны адукацыйны трэнінг у Віцебску.

Трэнінг «Правы студэнтаў простай мовай» праходзіў 19 лістапада ў Рэгіянальным рэсурсным цэнтры ў межах тыдня студэнта. Мерапрыемства было арганізаванае і праведзенае «Студэнцкай радай» сумесна зь беларускімі праваабаронцамі.

У якасьці экспэрта выступіў Міхаіл Мацкевіч, супрацоўнік Цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend», які ўжо прыяжджаў некалькі разоў у Віцебск з трэнінгамі па падобнай тэматыцы. Удзельнікамі імпрэзы сталі як студэнты віцебскіх ВНУ, так і людзі, што ўжо разьвіталіся са студэнцкай лавай.

Падчас трэнінгу закраналіся многія тэмы – гісторыя ўзьнікненьня правоў чалавека, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, міжнародныя інстытуцыі, якія рэгулююць названую сфэру, Балёнскі працэс і магчымасьць выбарнасьці рэктараў ВНУ ў беларускіх рэаліях, прымус студэнтаў удзельнічаць у датэрміновых выбарах, акадэмічныя свабоды і многія іншыя. Мо ня кожная з узьнятых тэмаў была наўпрост зьвязаная з правамі чалавека, але, тым ня менш, усе яны былі вельмі актуальныя.

Згадваліся і зусім экзатычныя тэмы – свабода выезду студэнтаў за мяжу, аўтарскія правы студэнтаў на іх інтэлектуальную працу, магчымасьць для студэнтаў аспрэчваць навуковыя ступені выкладчыкаў (як адзначалася, узровень некаторых выкладчыкаў сапраўды пакідае жадаць лепшага, і цалкам магчыма, што свае рэгаліі яны атрымалі не зусім заслужана).

Асаблівую цікавасьць у студэнтаў, што і ня дзіўна, выклікалі пытаньні, зьвязаныя з ушчамленьнем іх свабодаў з боку адміністрацыяў унівэрсытэтаў. У прыватнасьці, вялося пра прымусовае разьмеркаваньне. Студэнтам важна было даведацца, наколькі гэта правільна. І ці не зьяўляецца абавязак адпрацоўваць згодна з разьмеркаваньнем узаконеным рабствам?

Вядома, усе актуальныя пытаньні абмеркаваць было не магчыма. Але нават той  інфармацыі, якую студэнты атрымалі падчас трэнінгу, мабыць, будзе дастаткова для асэнсаваньня імі свайго месца і ролі ў беларускай сыстэме ВНУ. І ў выпадку парушэньня іх правоў студэнты змогуць за сябе пастаяць.

Уладзімер Бяляўскі