Нядзеля, 22 Лістапад 2015

Мясцовыя ўлады Віцебску гатовыя ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пытаньне наконт узьвядзеньня мэмарыяльнага аб'екту ў памяць жыхароў Віцебску, якія былі рэпрэсаваныя ў пэрыяд 30-х – 50-х гадоў XX стагодзьдзя, можа быць разгледжанае пры наяўнасьці фундатарскіх сродкаў.

Пра гэта паведаміла праваабаронцу Леаніду Сьвеціку ў адказ на яго прапанову начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Натальля Шыёнак.

У сваім звароце, накіраваным у Віцебскі гарвыканкам, Леанід Сьвецік прапанаваў мясцовым уладам аднавіць гістарычную справядлівасьць і стаць ініцыятарам усталяваньня ў горадзе памятнага знаку дзеля ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных. Як вынікае з адказу, атрыманага праваабаронцам, улады ня супраць таго, каб такі памятны знак зьявіўся, але ня маюць на гэта неабходных сродкаў.

Нягледзячы на тое, што службовыя асобы гарвыканкаму ня выказалі ахвоты самім ініцыяваць усталяваньне памятнага знаку, як прапанаваў ім Леанід Сьвецік, ён станоўча ацэньвае іх адказ. Бо яны заявілі пра гатоўнасьць супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю – разгледзець пытаньне «ў межах дзейнага заканадаўства» ў выпадку, калі зьявяцца фундатарскія сродкі. А тое, што грамадзяне здольныя самаарганізавацца і сабраць неабходную на помнік суму, – у гэтым віцебскі праваабаронца не сумняваецца. 

Віцебская вясна