Серада, 05 Люты 2014

Штосьці ня так, або Сумная гісторыя са шчасьлівым канцом

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Здрэстаў Леанід Здрэстаў

На пачатку студзеня праваабаронца Пётар Іваноў зьвярнуўся да кіраўніка краіны з просьбай дапамагчы дворніку зь вёскі Буяны Віцебскага раёну Леаніду Здрэставу, які літаральна замярзаў у сваім доме.

Яшчэ ў лістападзе 2013 году, акурат да пачатку ацяпляльнага сезона, раённы Дзяржпажнагляд катэгарычна забараніў Здрэставу карыстацца печчу з-за таго, што комін зроблены з азбэстацэмэнтавай трубы. Гэта было зроблена праз дваццаць гадоў, пасьля таго як комін стаў выкарыстоўвацца Здрэставым па яго простым прызначэньні – адводзе дыму. Для большага постраху пажарнікі папярэдзілі Леаніда Якаўлевіча аб тым, што ў выпадку парушэньня патрабаваньняў пажарнікаў яго аштрафуюць на чатыры мільёны рублёў.

Прадстаўнікі выканаўчай улады і пракуратура падтрымалі рашэньне пажарнікаў. І ня дзіўна: раней Здрэстаў ня раз пісаў у Менск скаргі наконт абыякавага стаўленьня мясцовага чынавенства да патрэб простага сельскага працаўніка.

Пражываньне ў халоднай сырой кватэры ў выніку адмоўна адбілася на здароўі 60-гадовага самотнага чалавека. Празь некалькі тыдняў пасьля наступленьня халадоў Здрэстаў злёг у шпіталь з вострым бранхітам.

Хвароба і люты холад у кватэры падштурхнулі Леаніда Якаўлевіча зьвярнуцца да праваабаронцы Пятра Іванова з просьбай дапамагчы яму – засьцерагчы яго ад выдасканаленых зьдзекаў з боку ўладаў.

Праваабаронца ў кароткі час разабраўся ва ўсіх абставінах справы і вырашыў зьвярнуцца з адкрытым лістом да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён накіраваў копіі ліста ў рэдакцыі газэты адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» і мясцовай дзяржаўнай абласной газэты «Витебские вести».

І хаця да прэзыдэнта ліст не дайшоў, а разам з копіямі, дасланымі ў рэдакцыі газэт, вярнуўся ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, ён даў станоўчы эфэкт. Мясцовае кіраўніцтва МНС борзда адмяніла сваё рашэньне, і над азбэстацэмэнтавым комінам ізноў заклубіўся доўгачаканы дымок.

Гэты прыватны выпадак толькі ўзмацняе адчуваньне таго, што ў нашым царстве-валадарстве штосьці ня так. Бо ня царская ж справа лазіць па дахах і зазіраць у коміны, для таго каб у зімовую сьцюжу ў доме сельскага дворніка было цёпла і суха.