Аўторак, 22 Сакавік 2022

Адміністрацыя калоніі аказвае ціск на палітвязня Віктара Бабарыку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адміністрацыя папраўчай калоніі №1 Наваполацку пачала ўжываць у дачыненні палітвязня Віктара Бабарыкі неабгрунтаванае прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці. Яму ўжо абвясцілі адну вымову, маецца пагроза таго, што будзе ўжытае другое спагнанне.  

Прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці можа пацягнуць за сабой змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА), скарачэнне колькасці перадач і спатканняў і нават завядзенне новай крымінальнай справы. 

Апроч таго, Віктар Бабарыка павінен насіць жоўтую бірку – гэта азначае, што ён пастаўлены на прафілактычны ўлік. Адміністрацыя калоніі лічыць, што Бабарыка «схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».

Нагадваем пра абставіны крымінальнага пераследу Бабарыкі, былога экс-кандыдата на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы.

6 ліпеня 2021 года ў судзе Маскоўскага раёну Менску агучылі прысуды па гучнай і рэзананснай «справе Белгазпрамбанку», фігурантам якой з'яўляецца палітвязень, экс-банкір, былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыка. Для яго пракурор Сяргей Гіргель запытваў 15 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі пакараў яго 14-мі гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы Віктара Бабарыку вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

Акрамя гэтага, палітвязня пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёў (пяць тысяч базавых велічынь), а таксама ён павінен будзе выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта нанесеную ім шкоду. Таксама Бабарыку пазбавілі права займаць кіроўныя пасады на некаторы час. Бабарыка віну не прызнаў.

Адрас для лістоў: Папраўчая калонія №1, вул. Тэхнічная, 8, 211440, г. Наваполацк, Беларусь.

Павел Жукаў