Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 13 Люты 2022

Віцебскі краязаўца і фотамастак Віктар Барысенкаў напісаў «турэмны дзённік»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Барысенкаў у Віцебскім абласным судзе. 2021 год, жнівень. Віктар Барысенкаў у Віцебскім абласным судзе. 2021 год, жнівень.

Шэраг допісаў мастака Віктара Барысенкава на старонцы ў Фэйсбуку прысвечаныя разважанням пра адбыванне арышту ў Віцебскім ІЧУ, які часова месціцца на тэрыторыі СІЗА-2.  46 асобных, адмыслова пранумараваных пастоў –  гэта не столькі апісанне  быту або распарадаку дня ў ізалятары, колькі рэфлексіі аўтара пра тое, як ён апынуўся за кратамі, з  якім стаўленнем да сябе сутыкнуўся і ці лічыць справядлівым пакаранне.

«Іншым разам кажуць, што турма – гэта карная машына дзяржавы. Магчыма. Калі ўлічыць, што ў гэтай машыны няма ні руху, ні карыснай работы. Я ж лічу, што турма - гэта метафара дзяржавы. Як жа яны падобныя ў прыгнятанні  правоў і свабод, у цкаванні талентаў і ў насаджэнні грамадска-прымусовай працы, якія ж яны блізкія ў сваім стаўленні да здароўя і культуры, наколькі яны  аналагічныя ў гвалце і прыніжэнні слабога!» – гаворыцца ў перадапошнім, 45-м допісе віцебскага краязнаўцы Віктара Барысенкава.

13 жніўня  мінулага году краязнаўцу і фотамастака Віктара Барысенкава асудзілі на 7 сутак. Прычынай стала фота часоў Другой сусветнай вайны. На здымку вызваленага Віцебска, які ён апублікаваў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», савецкія салдаты ў 1944 годзе разглядаюць трафейны нацысцкі сцяг са свастыкай. Барысенкава абвінавацілі ў прапагандзе нацысцкай сімволікі  (ч. 1 арт. 19.10 КаАП), хаця ў судзе ён тлумачыў, што гэта сапраўднае архіўнае фота, знятае нямецкім фатографам-камуністам, і яно знаходзіцца ў вольным доступе на дзясятках сайтаў.

Рашэнне суддзі Кастрычніцкага райсуду Уладзіміра Царыкава спадар Барысенкаў спрабаваў абскардзіць у Віцебскім абласным судзе.  Ён тлумачыў, што суддзя Царыкаў праігнараваў заўвагу да артыкулу 19.10. КаАП, згодна з якой не з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем публічнае дэманстраванне і захоўванне нацысцкай сімволікі ў сувязі з калекцыянаваннем культурных каштоўнасцяў і адукацыйнай дзейнасцю пры адсутнасці прыкмет прапаганды нацысцкай сімволікі. 

У абласным судзе Віктар Барысенкаў даводзіў, што ён сам з’яўляецца нашчадкам дзядоў, загінулых падчас апошняй вайны, і што збіраў здымкі ў віртуальны фотаальбом «Віцебск падчас нямецкай акупацыі», бо  калекцыянуе гістарычныя фатаграфіі, займаючыся адукацыйнай дзейнасцю. Аднак суддзя Ірына Смалякова пакінула ў сіле рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, нягледзячы на заслугі Віктара Барысенкава перад горадам: у абласны суд  ён прынёс шматлікія граматы ад розных навучальных і культурніцкіх установаў, дзе чытаў лекцыі па краязнаўстве, і прыгадаў некалькі фотавыставаў, дзе экспанаваліся ягоныя творчыя працы.

Эмілія  Протас