Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Студзень 2022

Грамадзяніна Расеі з Верхнядзвінску хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за абразу міліцыянтаў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Раніцай 22 студзеня ў маскоўскім метро затрымалі Дзяніса Зорына – грамадзяніна Расеі, які мае від на жыхарства ў Беларусі. Пры затрыманні яму паведамілі, што ён знаходзіцца ў федэральным вышуку па запыце з Беларусі – нібыта за абразу прадстаўнікоў улады. У выпадку экстрадыцыі, беларускі суд мог асудзіць Зорына да 3 гадоў пазбаўлення волі.

«Прывезлі ў аддзел паліцыі на метро «Баўманскі». Па метро везлі ў кайданках. Я ў федэральным вышуку. Паліцыянты сказалі, што, як і іншых расейцаў, адправяць у Беларусь. Звычайная практыка. Адвакат мне не патрэбны», – коратка паведаміў чытачам свайго тэлеграм-каналу Дзяніс Зорын.

Гісторыя пераследу Дзяніса пачалася 29 снежня 2020 года, калі яго затрымалі ў Верхнядзвінску на трое сутак для правядзення следчых дзеянняў у межах заведзенай у дачыненні да яго крымінальнай справы паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») за ганебныя пасты ў сацсетках на адрас сілавікоў.

Пра сваё затрыманне і «турэмныя прыгоды» Дзяніс напісаў кнігу «72 гадзіны». 9 сакавіка 2021 года ён з'ехаў у Расею, але крымінальная справа ў Беларусі супраць яго не была закрытая.

Познім вечарам 22 студзеня пасля шматгадзіннага допыту ў следчым камітэце ў Цверы, Дзяніса вызвалілі. Расейскія паліцыянты канфіскавалі ў яго ўсе гаджэты.

«Вялікі дзякуй праваабаронцам, якія напісалі мне, і нават нанялі адваката, але ў мяне ёсць дзяржаўны абаронца, дзівосны дзядуля. За мяне не хвалюйцеся, я стаўлюся да ўсяго з гумарам, але матаю на вус, што Расея гатовая знішчыць кожнага свайго грамадзяніна на карысць людаедскім рэжымам. Кожны грамадзянін РФ павінен пра гэта памятаць кожны дзень», – паведаміў Зорын у сваім тэлеграм-канале.

Міхаіл Пісараў