Панядзелак, 10 Студзень 2022

Палітвязня Максіма Знака этапавалі ў віцебскую калонію

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Максім Знак Максім Знак

Палітвязня Максіма Знака, якога асудзілі на 10 гадоў калоніі, этапавалі для адбыцця пакарання ў папраўчую калонію Віцьба-3, паведамляюць праваабаронцы. У апошніх лістах палітвязень паведамляе, што пакуль знаходзіцца на каранціне. Да гэтага Максім Знак, як мяркуецца, быў змешчаны ў віцебскі СІЗА-2. У верасні 2021 году яго прысудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

«Я хацеў падарожнічаць, але крыху павандраваў у канцы года. Затое адразу – у культурную сталіцу», – напісаў Максім Знак у лісце, адпраўленым 31 снежня на адрас сваёй сястры.

Палітвязень расказаў у лісце, што напісаў 6181 ліст на волю.

«Часам (даволі часта) велічынёй з паштоўку, але заўсёды – розныя. Хоць важней, вядома, тыя лісты, што я атрымаў – думаю, каля 5000. І ў кожным – толькі добрае, за што я вельмі ўдзячны ўсім», – піша Знак.

Максіма Знака і Марыю Калеснікаву прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 361 (заклікі да захопу ўлады або дзеянняў, якія шкодзяць нацбяспецы) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне або кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем). 6 верасня суддзя Сяргей Епіхаў асудзіў іх адпаведна на 10 і 11 гадоў пазбаўлення волі. 24 снежня прысуд набыў законную моц.

Марыю Калеснікаву таксама этапавалі, але ў якую калонію – пакуль невядома.

Адрас для лістоў: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Максіму Аляксандравічу Знаку

Янка Прас