Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 08 Кастрычнік 2021

Пасля 20 сутак арышту на волю выйшаў Уладзімір Пунько. У ІЧУ абвяшчаў галадоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Уладзімір Пунько Уладзімір Пунько

Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Пунько быў асуджаны на 20 сутак адміністрацыйнага арышту за бел-чырвона-белую сурвэтку, якую на панэлі ягонага аўто заўважыў супрацоўнік міліцыі. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. 5 кастрычніка мужчына выйшаў на волю і праз два дні звязаўся з рэдакцыяй «ВВ», каб распавесці пра сваё зняволенне.

Уладзімір Пунько кажа, што для таго, каб прыйсці ў сябе, яму спатрэбілася некалькі дзён. У ізалятары ён абвяшчаў галадоўку.

Пунько – дырэктар аднаго з віцебскіх прыватных прадпрыемстваў. Ён не першы раз адбываў пакаранне арыштам у ІЧУ. У лютым 2021-га правёў 7 сутак адміністрацыйнага арышту за чырвоную паласу на ўласным балконе. Некалькі разоў сядзеў у 2020 годзе. Цяпер, паводле мужчыны, умовы ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання нашмат пагоршыліся.

Адабралі ўсё, перадачы не прымалі

«Адабралі ўсё: запісную кніжку, ручкі, кнігі мастацкія – цалкам усё адабралі. Перадачы не прымаюць – спасылаюцца на каронавірус», – расказвае Уладзімір Пунько.

Сцвярджае, што за 20 сутак яго ніводнага разу не выводзілі на шпацыр. Лісты таксама не даходзілі. Не перадалі нават віншавальную паштоўку на дзень нараджэння. Апроч таго, у камеру падсялілі бяздомнага. Лічыць, што незнарок. Уначы – некалькі праверак, святло не выключаюць. Матрацы на дзень забіралі, даводзілася ўвесь дзень сядзець на голым жалезе.

«Рэчы вытрасаюць і раскідваюць па ўсёй камеры, усё гэта робіцца назло», – гаворыць.

Мужчына напісаў скаргу на дзеянні адміністрацыі начальніку ізалятара Уладзіміру Сасіноўскаму.

«Ён яе разглядаць не захацеў, і я абвясціў галадоўку. Нават не я. Уся камера абвясціла галадоўку», – распавядае.

«Яны проста канчаткова губляюць розум»

«Але ў выніку атрымаў два адказы на мае скаргі. Аднак на выхадзе, пакуль стаяў тварам да сцяны, яны ўсе гэтыя паперкі выцягнулі ў мяне. То бок я нават не змог на волю вынесці тое, што яны мне адказалі на скаргі», – абураецца Уладзімір.

«Яны проста канчаткова губляюць розум», – падсумоўвае віцяблянін, кажучы пра дзеянні адміністрацыі ізалятару.

Расказаў таксама, што падчас адседкі да яго прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК, каб апытаць.

Цяпер Уладзімір Пунько на волі. На выхадзе з віцебскага ІЧУ яго сустракалі калегі па працы і сябры.

Уладзімір Бяляўскі