Серада, 04 Жнівень 2021

Дзёрзкія ўцёкі палітвязня са шклоўскай "хіміі" завяршыліся эміграцыяй

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Cтала вядома, што 2 жніўня 2021 году палітычны зняволены Дзмітрый Кулакоў збег з «хіміі» і з'ехаў з Беларусі. Зараз ён знаходзіцца ў іншай краіне.

Дзмітрый Кулакоў быў асуджаны 18 снежня судом Шумілінскага раёну Віцебскай вобласці на 3 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суддзя Кацярына Унуковіч стала на бок абвінаваўцы і паверыла пракурору ў тым, што Кулакоў ў тэлеграм-чаце абражаў і пагражаў гвалтам супрацоўніку міліцыі маёру Івану Патоцкаму. Да ўцёкаў Зміцер адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №49 у Шклове Магілёўскай вобласці.

У пошуках уцекача сілавікі датэлефанаваліся да ягонай жонкі Юліі Кулаковай, якая зараз знаходзіцца ў Літве. Пыталіся, ці ведае яна пра месцазнаходжанне мужа. Атрымаўшы адмоўны адказ, паграджалі жанчыне накіраваць ва ўрад Літвы запыт на экстрадыцыю ў Беларусь на яе і ейных дзяцей.

Віталь Кажух