Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Сакавік 2021

Міхаіл Жамчужны: Зона сталася адбіткам грамадства. Метады прыгнёту адпрацоўваюцца менавіта там

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

У лютым 2021 году пасля шасці з паловай гадоў калоніі выйшаў на волю навуковец, праваабаронца і, цяпер ужо, былы палітвязень Міхаіл Жамчужны. Для яго гэта быў другі турэмны тэрмін – першы прыпаў на 2006-2012 гады. У няволі Жамчужны правёў больш за 12 гадоў. Сваім прыкладам ён даводзіць, што чалавекам можна і трэба заставацца нават там. Пра тое, як захаваць чалавечнасць і адстойваць свае правы ва ўмовах калоніі, былы палітвязень расказаў «Віцебскай вясне».

«Ціск на асуджаных стаў мацнейшы»

«Калі параўноўваць умовы ўтрымання асуджаных падчас першага турэмнага тэрміну з цяперашнім, дык можна казаць, што агульная сітуацыя на зоне кардынальным чынам змянілася.

Раней адносіны паміж зняволенымі можна было назваць амаль сяброўскімі. Тады неяк працаваў закон і можна было шмат што абскардзіць. Калі я сядзеў у калоніі №3, мне на спальнае месца, з ініцыятывы адміністрацыі, падкінулі два нажы. Я абурыўся і абскардзіў абвінавачанне праз ДВП (дэпартамент выканання пакарання) па Віцебскай вобласці. За свой кошт замовіў дактыласкапічную экспертызу. У выніку ДВП прызнаў мяне невінаватым у захоўванні гэтых рэчаў. Хоць экспертызу зрабіць так і не ўдалося, бо нажы знішчылі. Справу я выйграў, пасля чаго адміністрацыя перавяла мяне ў калонію №10.

Цяпер усё наадварот: стала больш асуджаных, якія актыўна супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Ёсць такія, што за пачак цыгарэт ці гарбаты маці родную прададуць. У гэткіх умовах цяжка адбываць пакаранне, бо не ведаеш, з якога боку чакаць непрыемнасці ці правакацыі. Бывае, што і гарачы алей у твар ліюць, і каўстычную соду ў гарбату падмешваюць. І ўсё гэта, зразумела, з ініцыятывы аператыўных работнікаў. Ціск на асуджаных стаў мацнейшы».

«Не было выпадкаў, каб адміністрацыя пайшла насустрач зняволеным»

«Раней на зоне жылі «па паняццях», быў такі негалосны закон: «Кулак у калоніі не ходзіць». Разборкі стараліся вырашаць мірным шляхам. Пасля знішчэння інстытуту «вароў у законе» пачаўся «беспредел» сярод асуджаных. Сённяшнія «сматрашчыя» ў лепшым выпадку нейтральна ставяцца да канфліктаў паміж асуджанымі. У горшым – працуюць на адміністрацыю, каб выбіць для сябе нейкія дробныя прывілеі.

Апошнім часам, як на волі, так і ў месцах адбыцця пакарання, законы перасталі працаваць. Рэжым утрымання асуджаных становіцца больш жорсткім. Калі адміністрацыя мае права зрабіць рэжым больш жорсткім, яна ім абавязкова скарыстаецца. У мяне не было такіх выпадкаў, калі б адміністрацыя пайшла насустрач і паспрабавала зразумець асуджанага».

«За год чалавека могуць ператварыць у жывёліну»

«Можна казаць пра тое, што зона стала злепкам, адбіткам стану нашага грамадства. Метады прыгнёту і метады пераўтварэння людзей у рабоў мадулююцца і адпрацоўваюцца на «зоне», а пасля пераносяцца на волю.

Методыка прыгнятання асобы на кожнай зоне свая. Уражанне, што адбываецца адначасовы шматфактарны эксперымент па выпрацоўцы найбольш эфектыўнага метаду. Раней казалі: «Усё, што ні адбываецца, – да лепшага», цяпер кажуць: «Усё, што адбываецца, – да горшага».

Пачалі падыходзіць творчы, каб уздзейнічаць на вязняў. Распрацоўваюць розныя метады псіхалагічнага ціску, прыгнятання волі людзей. У першай жа камеры калоніі №9, куды я трапіў, на сцяне было надрапана: «Нас забіваюць знутры». На ўласным прыкладзе я пераканаўся, што гэта сапраўды так. Гэта робіцца вельмі «кваліфікавана» і па-свойму вытанчана. За год ці за два чалавека пры жаданні могуць ператварыць у жывёліну. 

У прынцыпе, такая мэта і пераследуецца: каб чалавек беспярэчна выконваў усе патрабаванні кіраўніцтва, каб не пярэчыў, не пратэставаў, падпарадкоўваўся і займаўся рабскай працай за капейкі».

«Самая подлая помста – знішчэнне перапіскі»

«Калі я працаваў швачкай-матарысткай (усміхаецца), мой месяцавы заробак быў эквівалентны пачку цыгарэт. Такая ж мэта пераследуецца і на волі: маўчы, працуй і падтрымлівай існы рэжым. Вы ж паглядзіце: сярэдні заробак застыў на мяжы 400 долараў.

Ёсць і простыя прыдзіркі, калі пачынаюць вышукваць пыл за батарэяй ацяплення. Супрацоўнік адміністрацыі заходзіць у камеру з загадзя запэцканым пальцам – і на табе 10 сутак ШІЗА.

Асабіста мне давялося адседзець аж 520 сутак. Калі трапляеш у штрафны ізалятар, цябе пазбаўляюць усіх цёплых рэчаў. Застаецца толькі хэбэшная форма. Што зімой, што летам. Злосных парушальнікаў пасля двух-трох разоў ШІЗА на тэрмін да шасці месяцаў могуць змясціць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Калі і гэта не дапаможа, то па судовым рашэнні могуць з калоніі адправіць у турму. 

Самая подлая помста адміністрацыі непаслухмянаму зняволенаму – знішчэнне ўваходнай ці выходнай перапіскі. Ствараецца штучнае непаразуменне паміж тымі, хто лістуецца».

«Ты малайца! Ты добра мянтоў гасіш. Мы за цябе»

«Турма ў Беларусі, у адрозненні ад цывілізаваных краінаў, не ставіць за мэту вяртанне зняволенага да нармальнага жыцця на волі. Вы паглядзіце, колькі людзей за апошнія гады прайшлі праз турмы! Хутка не будзе сям’і, якая б не мела суджанага. І натуральна, што перанесеная былым зняволеным псіхалагічная траўма прыносіцца ў сям’ю, а потым – і ў грамадства. Ланцуговая рэакцыя.

У дачыненні да мяне адміністрацыя калоніі настройвала асуджаных на прэсінг, уціск. Праўда, зрэдку гэта выглядала досыць кур’ёзна. Прыгадваю: падыходзяць неяк да мяне два асуджаныя, нацкаваныя адміністрацыяй на канфлікт. Адзін раве на ўсю глотку і сыпле непрыстойнымі словамі, а другі шэпча: «Ты малайца! Ты добра мянтоў гасіш. Мы за цябе. Давай трымайся». Гэткія выпадкі падтрымкі з боку асуджаных настройвалі на барацьбу за правы асуджаных».

«Свае правы трэба адстойваць у любых умовах»

«Парушэнняў заканадаўства на зоне хапае, але далёка не ўсе зняволеныя гатовыя з імі змагацца. Што тычыцца мяне, то за гады зняволення я дапамог дзясяткам сукамернікаў скараціць тэрміны зняволення ад 3 да 5 гадоў з прысуджаных тэрмінаў.

Дапамог галоўнаму інжынеру нафтабазы. Там была такая сітуацыя. Улетку пры высокай тэмпературы запоўнілі ёмкасці бензінам, а ўзімку прыйшла праверка. Натуральна, што аб’ём бензіну зменшыўся. Аднак кантралёры не ўлічылі каэфіцыент цеплавога расшырэння, які ў нафтапрадуктаў вялікі, прыцягнулі інжынера да крымінальнай адказнасці. Пасля таго, як навуковыя эксперты прааналізавалі сітуацыю, яго выпусцілі на волю.

У выніку маёй барацьбы ў калоніі № 9 змяніўся да лепшага рацыён харчавання. Тацяна Рэвяка накіравала туды камісію санэпідэмстанцыі. Я паказаў ім метады крадзяжу харчоў, няякаснага прыгатавання гарбаты. Пасля праверкі вынеслі пастанову, што такія выпадкі мелі месца. Адміністрацыя зрабіла высновы, і ўжо тры гады дно конаўкі праз гарбату не прасвечваецца. Цукру таксама дастаткова. Мяса мо і не сто грамаў, як трэба, але кавалкі вялікія. Нармальнаму чалавеку хапае. Праблемы з харчаваннем зніклі.

Але любы, хто на зоне хоць як намагаецца абараняць правы зняволеных, немінуча ўступае ў канфлікт з адміністрацыяй калоніі. Прыйшлося добра вывучыць крымінальна-выканаўчы кодэкс, крымінальна-працэсуальны, крымінальны кодэкс, кодэкс судаводства і статусу суддзяў і ў межах гэтай інфармацыі ладзіць сваю праваабарончую дзейнасць».

«Падтрымка з волі ратуе псіхіку зняволенага»

«Без падтрымкі з волі чалавек проста зламаецца. І гэта тычыцца не толькі палітычных зняволеных, але і звычайных крымінальнікаў. У якасці аднаго з метадаў прыгнятання волі выкарыстоўваецца знішчэнне лістоў і абмежаванне кантактаў з волі. Калі лісты месяцамі не даходзяць, разбураюцца сацыяльныя кантакты з блізкімі. Як правіла, адбываецца разбурэнне сям’і – жанчыны падаюць на развод.

Трэба разумець, што сёння трапіць на зону можа кожны.

Прывяду прыклад асуджанага з наваполацкай калоніі, які адбываў пяцігадовы тэрмін за крадзеж. Ён прафесійны будаўнік. Гучыць дзіка, але асудзілі яго за ашчаджаныя ім сродкі. Замест таго, каб вазіць пясок на будоўлю з кар’еру, размешчанага за сто кіламетраў, вазіў з кар’еру, размешчанага за пяцьдзясят км. Абвінавацілі ў пазбаўленні працы работнікаў з афіцыйна выдзеленага кар’еру. За час зняволення памерла жонка, з дачкой таксама здарыліся непрыемнасці. Мужчына выйшаў з калоніі псіхалагічна прыгнечаным. І з'ехаў з Беларусі. Такіх прыкладаў процьма...

Гутарыў С. Горкі