Панядзелак, 28 Снежань 2020

Пракуратура: на Віцебшчыне амніставалі 2300 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Пракуратура Віцебскай вобласці здала справу аб выкананні закону «Аб амністыі». Паводле ведамства, амністыя на тэрыторыі Віцебскай вобласці была ўжытая ў дачыненні да 2300 чалавек. Пракуратурай быў рэалізаваны комплекс захадаў для нагляду за выкананнем заканадаўства пры ўжыванні палажэнняў Закону, паведамляецца на афіцыйным сайце пракуратуры Віцебскай вобласці.

«Падчас выканання Закону на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў межах папярэдняга расследавання крымінальных справаў, пры вынясенні судовых пастановаў, а таксама органамі і ўстановамі, на якія ўскладзена выкананне пакаранняў ды іншых захадаў крымінальнай адказнасці, амністыя ўжытая да 2,3 тыс. чалавек», – гаворыцца ў паведамленні абласной пракуратуры.

Паводле ведамства, асуджанымі для выканання ўмоваў ужывання амністыі кампенсаваная прычыненая злачынствам шкода на агульную суму звыш 700 тыс. рублёў.

З установаў крымінальна-выканаўчай сістэмы вызваліліся і прыбылі для далейшага пражывання на тэрыторыі Віцебскай вобласці каля 300 амніставаных. Ім, як сцвярджае пракуратура, аказвалася дапамога ў развязанні пытанняў бытавога і працоўнага ўладкавання.

Закон Рэспублікі Беларусь №17-3 «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» быў прыняты 18 траўня 2020 году.