Друкаваць гэтую старонку
Серада, 12 Снежань 2018

Удзельнік вайны на Данбасе паскардзіўся, што яму не даюць спаць у калёніі «Віцьба-3»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Тарас Аватараў Тарас Аватараў Фота: svaboda.org

Тарас Аватараў, добраахвотнік украінскага войска, асуджаны ў Беларусі за незаконнае абарачэньне і кантрабанду выбуховай прылады, ужо месяц ня можа спаць у віцебскай калёніі, у якой адбывае пакараньне. Пра гэта вязень паведаміў сваёй маці Людміле Посьпіх.

Хто такі Аватараў

Добраахвотніка ўкраінскага войска асудзілі ў верасьні 2016 году на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пры затрыманьні ў Аватарава міліцыянты забралі самаробную гранату, сыгнальны пісталет Макарава, бронекамізэльку, пасьведчаньне добраахвотніка «Правага сэктару» з Украіны. Аватараў на судзе казаў, што выбуховае прыстасаваньне здаў міліцыі добраахвотна, а гранату знайшоў у сваіх рэчах у аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны. На працэсе Тарас Аватараў неаднаразова называў сябе ваеннапалонным, а віну прызнаваў часткова - толькі за незаконныя дзеяньні з выбуховым прыстасаваньнем.

Што піша Тарас з турмы

Пра праблемы ў калёніі ён паведаміў сваёй маці Людміле Посьпіх. У паштоўцы, якую маці апублікавала, Тарас піша пра «бяссонны лістапад» і пагаршэньне ўмоваў у калёніі.

Радыё Свабода распытала маці Аватарава, што адбываецца з Тарасам і з чым зьвязаныя яго праблемы ў калёніі «Віцьба-3».

«Ёсьць адзіны доказ - паштоўка, дзе ён напісаў, што прайшоў лістапад бяссонных начэй і што сытуацыя ўскладняецца. 7 лістапада ён патэлефанаваў і сказаў, што ня сьпіць ужо тыдзень, што ёсьць пагрозы з боку адміністрацыі, што яго пазбавяць жыцьця ці здароўя», - кажа Людміла Посьпіх.

Маці Тараса Аватарава дакладна ня ведае, за што адміністрацыя калёніі можа цкаваць яе сына. Разам з Тарасам адбываў пакараньне грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт. Пасьля вызваленьня той выказваўся пра карупцыю ў калёніі.

«Алан Сьміт выклаў інфармацыю аб карупцыі, магчыма, гэта зьвязана. Але пакуль ён ня выйдзе, мы не даведаемся ўсяе праўды. 7 лістапада ён ужо казаў праз тэлефон, што жывым ня выйдзе з гэтай калёніі, і каб мы дапамаглі яму перавесьціся ў іншую калёнію», - кажа Людміла Посьпіх.

Алан Сьміт у фэйсбуку пісаў, што адміністрацыя калёніі, дзе ён правеў з Аватаравым 10 месяцаў, была «не абыякавая» да добраахвотніка.

«Тарас Аватараў, чалавек, які змагаўся супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну, цяпер адбывае 5 гадоў пазбаўленьня волі. Я правёў 10 месяцаў зь ім у калёніі. Ён добры, шчодры і інтэлектуальны хлопец. Адміністрацыя калёніі штодня яго правакавала, ён шмат разоў пабываў у ізалятары безь ніякага абгрунтаваньня», - пісаў Алан Сьміт.

Цяпер адвакат Аватарава спрабуе дамагчыся сустрэчы зь ім у калёніі. Спатканьне Тараса з маці заплянаванае на 7 студзеня.

Тры разы ў карцэры

За час зьняволеньня Тараса Аватарава некалькі разоў з розных прычын накіроўвалі ў карцэр. У штрафным ізалятары ён быў як мінімум тройчы. У тым ліку адзін раз - за спробу сарваць рамонак.

«Першы раз - за непадпарадкаваньне, другі раз - за спробу сарваць рамонак з клюмбы: у яго адкрываюцца язвавыя крывацёкі, і ён хацеў сарваць рамонак, каб заварыць сабе гарбату і неяк зьменшыць боль, а апынуўся ў ШЫЗА (турэмны карцэр). А трэці раз - адзін Бог ведае за што. І цяпер яму сказалі, што ёсьць устаноўка пасадзіць у ШЫЗА», - расказвала ў верасьні ягоная маці Людміла Посьпіх.

Год таму Людміла Посьпіх публічна зьвярталася да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, каб той заступіўся за яе сына перад Лукашэнкам і дапамог яму.

МА, svaboda.org