У Паставах прадпрымальнік Ігар Парункевіч меў уласны бар у цэнтры горада. Ужо апынуўшыся ў замежжы, ён распавядаў, што падтрымліваў Святлану Ціханоўскую, і што ў ягоным бары «выставілі каробку для ахвяраванняў для тых людзей, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту». Міліцыянтам гэта не спадабалася, яны спачатку пагражалі, а потым і насамрэч завялі на прадпрымальніка крымінальную справу. Ён мусіў пакінуць Беларусь, і цяпер жыве ў Літве.
«Калісьці мой дзед выратаваў двух габрэек з Літвы ад фашыстаў, схаваўшы іх у сябе, а цяпер Літва нібыта аддае доўг і ратуе мяне», -- кажа Ігар. Ён распавядае, што пасля ад'езду да ягоных бацькоў прыходзілі сілавікі з ператрусамі, а па горадзе няйначай як яны ж распускалі чуткі, што прадпрымальнік перад ад'ездам згвалтаваў няпоўнагадовую дзяўчынку, што ў ягоным бары знайшлі склад наркатычных рэчываў і нават пра тое, што каля 30-ці наведнікаў ягонай установы памерлі, атруціўшыся няякасным алкаголем.
Андрэй Лаўніковіч