Чацвер, 27 Красавік 2023

Палітвязень Аляксандр Капшуль увайшоў у тройку фіналістаў Прэміі за глабальную абарону (Global Advocacy Award)

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Былы юрысконсульт ААТ "Нафтан", асуджаны да 15 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, стаў адным з трох галоўных прэтэндэнтаў на прэстыжную міжнародную праваабарончую прэмію. Адвакаты Гарвардскай школы права (Advocates) і Гарвардскі часопіс па правах чалавека (HHRJ) штогод уручаюць яе праваабаронцу, чыя праца натхняе пачаткоўцаў прысвяціць сябе прасоўванню правоў чалавека і адстойванню чалавечай годнасці.

Паводле заснавальнікаў прэміі, дзейнасць Аляксандра Капшуля з'яўляецца прыкладам важнай сувязі паміж прафсаюзнай арганізацыяй і правамі чалавека і дэманструе здольнасць простых людзей супрацьстаяць несправядлівасці ў Беларусі і ва ўсім свеце.

Жыхар Наваполацку быў асуджаны па так званай «Справе «Рабочага руху», фігурантамі якой былі адразу дзесяць палітзняволеных. Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 г. была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па ўсёй краіне прайшлі затрыманні рабочых. Аляксандр Капшуль быў затрыманы 25 верасня 2021г., падчас зняволення абвяшчаў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА.

17 лютага 2023г. у Гомельскім абласным судзе яго прызналі вінаватым паводле адразу трох артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 356 (Здрада дзяржаве).

Міхась Хмара