Пятніца, 06 Студзень 2023

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць Фядыніча, Бераснева і Арэшку, актывістаў незалежнага прафсаюзу РЭП

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Шэраг праваабарончых арганізацый патрабуе адмяніць прысуды ў дачыненні былога кіраўніка Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці – РЭП Генадзя Фядыніча, лідара Аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП, выканаўцы абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП Васіля Бераснева (таксама і сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэта), актывіста прафсаюза РЭП Вячаслава Арэшкі. Усіх траіх суд прызнаў вінаватымі за заклікі да мер абмежавальнага характару, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса).

Траіх мужчынаў пенсійнага веку з далёка не ідэальным здароўем асудзілі да працяглага зняволення ў турэмных умовах. Генадзь Фядыніч (66 гадоў) і Васіль Бераснеў (73 гады) асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вячаслаў Арэшка (68 гадоў) – да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Найстарэйшы з асуджаных, Васіль Ціханавіч Бераснеў, з’яўляецца вядомым удзельнікам дэмакратычнага руху на Аршаншчыне. У 1980-я гады ён быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім (мястэчка пад Воршай) і нават кіраўніком Аршанскага райсавету. Аднак пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, Бераснеў пакінуў дзяржаўныя пасады і пачаў змагацца за дэмакратычныя змены ў грамадстве. Некалькі разоў быў асуджаны за ўдзел у так званых «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» да штрафаў і «сутак».

«Мы лічым вынесеныя Г. Фядынічу, В. Берасневу і В. Арэшку прысуды з жахлівымі тэрмінамі зняволення палітычнай расправай і помстай за іх мірныя дзеянні па абароне беларускіх працоўных з выкарыстаннем нацыянальных і міжнародных інструментаў, за выказванне сваёй незалежнай пазіцыі наконт парушэнняў правоў працоўных у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», – гаворыцца ў заяве прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці.

Да таго ж, як адзначаюць праваабаронцы, дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да сябраў незалежных прафсаюзаў зʼяўляюцца парушэннем артыкула 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці, права на свабоду асацыяцый, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўваходзіць у іх дзеля абароны сваіх інтарэсаў.Адбываецца бесперапынны ціск на лідараў незалежнага прафсаюзнага руху. У беларускіх турмах знаходзяцца амаль чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідараў дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку былы старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага, былы намеснік старшыні РЭП Міхаіл Громаў; былы кіраўнік пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў Віталь Чычмароў; актывіст незалежнага прафсаюза Міраславаў Сабчук; актывістка Свабоднага прафсаюза металістаў Яніна Малаш; а таксама віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Беларуськалій» Аляксандр Мішук і інш.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць сябраў незалежных прафсаюзаў; спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў і аднавіць у зарэгістраваным статусе прымусова ліквідаваныя прафсаюзы. А таксама спыніць практыку парушэння права на свабоду асацыяцый і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека, распачаць канструктыўны дыялог з Міжнароднай Арганізацыяй Працы і адэкватна адрэагаваць на пытанні і рэкамендацыі Камітэта па свабодзе асацыяцый МАП і Камітэта экспертаў па прымяненні стандартаў МАП.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый заклікаюць міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі, іншыя няўрадавыя арганізацыі розных краін свету, міжнародныя інстытуцыі працягваць выказваць салідарнасць з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.

Жанна Жалейка