Нядзеля, 20 Лістапад 2022

Яшчэ адзін навапалачанін у спісе палітвязняў – Данііл Раманаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Беларуская праваабарончая супольнасць у апошняй заяве прызнала палітвязнямі яшчэ 23 чалавекі, сярод іх – жыхар Наваполацку Данііл Раманаў, асуджаны на паўтара года «хіміі» «за абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага Кодэксу). Абражаным прадстаўніком улады быў прызнаны камандзір АМАП Менгарвыканкаму Дзмітрый Балаба. Суд абавязаў Данііла Раманава выплаціць пацярпеламу і 1 500 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Паводле следства, уначы з 16 на 17 лістапада 2020-га году хлопец напісаў каментар пад фотаздымкам Дзмітрыя Балабы, і змест каментара быў расцэнены як абражальны, звязаны з негатыўнай ацэнкай Балабы ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.

Крымінальную справу супраць жыхара Наваполацку распачалі праз год пасля з’яўлення каментара. Толькі 16 лістапада 2021-га году былі праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, падчас якіх вывучаўся акаўнт і профіль, з якога быў напісаны каментар. 16 сакавіка 2022-га году следчыя прыйшлі да высноваў, што акаўнт належыць Даніілу Раманаву. Высветлілася, што ён з’яўляецца ўдзельнікам і некалькіх Telegram-супольнасцяў, у тым ліку прызнаных «экстрэмісцкімі». Таксама суд улічыў, што раней Данііл Раманаў быў асуджаны паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таму суддзя Наваполацкага гарадскога суду Віталь Лапко вырашыў, што пакаранне павінна быць звязана з кантролем ва ўмовах папраўчай установы. Данііл Раманаў адбывае пакаранне ў менскай ПУАТ-55.

У супольнай заяве праваабаронцы падкрэсліваюць, што лічаць пераслед і пазбаўленне волі Данііла Раманава ў ліку іншых палітзняволеных палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.

Міхась Хмара