Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 28 Кастрычнік 2022

У палітвязня аршанца Васіля Береснева з’явіўся “хросны”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дэтлеф Мюлер, дэпутат нямецкага Бундэстагу і былы “хросны” вызваленага Яўгена Дзмітрыева, стаў “хросным” 72-гадовага Васіля Бераснева.

Васіль Ціханавіч ёсць лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.

Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.

“Пасля таго, як цягам апошніх некалькіх гадоў я быў “хросным” грамадзяніна Беларусі і актывіста Яўгена Дзмітрыева, які, на шчасце, тым часам быў вызвалены, я хацеў бы працягнуць заклікаць да вызвалення палітвязняў з новым падапечным. Васіль Бераснеў — лідар незалежнага прафсаюзу РЭП, які КДБ прызнаў тэрарыстычным і якому забараніў дзейнасць. Я салідарны з усімі актывістамі, хто сваім мірным пратэстам выступае супраць бессаромнага беларускага ўрада і за свабодную дэмакратычную дзяржаву, як гэта рабіў Васіль Бераснеў. Я выступаю супраць любой жорсткасці з боку ўрада і патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных” - выказаў сваю пазіцыю дэпутат нямецкага парламента.

Следчыя скончылі гэтую "прафсаюзную "справу і перадалі яе ў пракуратуру. Хутка пачнецца яе разгляд у аднім з судоў Мінска.

Іван Чайка