Субота, 22 Кастрычнік 2022

За краты кінулі жонку палітвязня Ігара Лосіка, які адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 г., а ў снежні 2021 г. яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне варожасці ці варажнечы») да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сёлета 18 кастрычніка ў Менску была затрымана ягоная жонка Дар’я. Праз трое сутак яна не выйшла на волю.

Паводле паведамленняў праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 г. На Дарʼю можа быць заведзеная крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК РБ «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», мяркуюць праваабаронцы.

Перад затрыманнем сілавікі правялі ператрус у кватэры, дзе Дар’я Лосік жыла з двухгадовай дачкой Палінай. Дзяўчынку ўзялі да сябе бацькі Дар’і.

Жонка палітзняволенага заўсёды адкрыта падтрымлівала мужа, зносілася з недзяржаўнымі СМІ і неаднаразова запісвала звароты да Лукашэнкі з патрабаваннем вызваліць Ігара Лосіка.

Станіслаў Іваноўскі