Серада, 12 Кастрычнік 2022

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дваіх жыхароў Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

11 кастрычніка праваабарончая супольнасць зрабіла заяву аб прызнанні палітзняволенымі 11-ці чалавек, у тым ліку палітвязнямі абвешчаны віцяблянін Аляксандр Патаваў і жыхарка Наваполацку Настасся Савуляк. Іх звінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі, і праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі гэтых асобаў палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.

На цяперашні момант Аляксандр Патапаў узяты пад варту па арт. 368 Крымінальнага Кодэксу. Яму інкрымінуюць абразу Аляксандра Лукашэнкі праз інтэрнэт. Навапалачанка Настасся Савуляк асуджана за абразу Аляксандра Лукашэнкі праз тэлефон: яна патэлефанавала на «гарачую лінію» у міліцыю і выказалася на адрас Аляксандра Лукашэнкі – як палічылі эксперты, «у ненарматыўнай форме».

Праваабаронцы адзначаюць, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га году ў Беларусі працягваецца пераслед па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў. Практычна ў кожнай заяве праваабарончай супольнасці наконт прызнання грамадзян палітвязнямі фігуруюць прозвішчы жыхароў Віцебшчыны.

Так, 3-га кастрычніка палітвязняволенымі былі абвешчаны жыхар Віцебску Анатоль Міхайлаў, асуджаны да 4-х гадоў калоніі па чатырох крымінальных артыкулах, у тым ліку за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, і ўраджэнка Віцебску Яна Пінчук, якую вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага Кодэксу і ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.

З падобнымі заявамі беларуская праваабарончая супольнасць вымушана выступаць па некалькі разоў на месяц, бо колькасць асуджаных і зняволеных пастаянна расце. Толькі сёлета ў красавіку праваабаронцы зрабілі тры заявы аб прызнанні 36-ці грамадзян палітычнымі зняволенымі.

Таццяна Віктарава