Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 09 Верасень 2022

Віцяблянін Сяргей Сясіцкі прызнаны палітвязнем

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сёлета ў жніўні Сяргея Сясіцкага затрымалі за абразу А. Лукашэнкі  паводле арт. 368 Крымінальнага Кодэксу. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 4 год пазбаўлення волі. Дома ў Сяргея, а таксама ў яго бацькоў прайшлі ператрусы. Незадоўга да затрымання пракуратура залічыла старонку Сясіцкага ў Facebook у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. У Віцебску мужчына вядомы як даўні апанент так званага «русского мира».

У студзені 2017г. года Сясіцкі заклікаў не дапусціць у Віцебску канцэртаў выканаўцы турэмнага шансону Віктара Каліны, вядомага сваімі шавінісцкімі выказваннямі пра беларусаў і беларускую мову, а таксама фатаграфаваннем са зброяй на тады занятых сепаратыстамі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Прыхільнікі «русского мира» спрабавалі скардзіцца на Сяргея ў Следчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі – скаргу напісаў нібыта грамадзянін РФ Сяргей Іваноў. Але вынікаў гэта не мела, крымінальную справу супраць віцябляніна ў Расеі заводзіць не сталі.

Старонка Сяргея Сясіцкага ў Фэйсбуку некалькі разоў была заблакаваная па ініцыятыве тых, хто лічыў сябе абражаным за выказванні супраць «русского мира», а таксама за крытыку дзейных беларускіх уладаў.

У красавіку 2019 года Сясіцкага выклікалі ў міліцыю, дзе апытвалі наконт зместу ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы. Следчыя забралі ў яго мабільны тэлефон дзеля праверкі на наяўнасць прапаганды экстрэмізму або распальвання міжнацыянальнай варожасці. Але і тады супраць віцябляніна распачаць крымінальную справу не ўдалося.

Праваабарончай супольнасць прыняла заяву, каб далучыць Сяргея Сясіцкага да ліку палітзняволеных, бо лічыць ягоны пераслед «палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання».

Таццяна Віктарава