Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 05 Верасень 2022

Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» спыняе працу

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» была створана дзеля падтрымкі ахвотных ліставацца з палітвязнямі. Калі такі чалавек хацеў напісаць словы падтрымкі зняволеным па палітычных прычынах, але не ведаў адраса турмы ці калоніі, ён мог даслаць ліст праз сервіс. Але цяпер ён спыняе сваё існаванне – найперш праз адсутнасць зваротнай сувязі, бо ў месцах зняволення практычна перасталі перадаваць лісты палітзняволеным ад чужых людзей. Дай допісы ад сваякоў даходзяць да іх далёка не ўсе.

Праца ініцыятывы «Лісты ў клетачку» палягала ў тым, каб атрымліваць лісты падтрымкі праз электронную пошту, раздрукоўваць іх і дасылаць канкрэтным людзям у канкрэтныя месцы зняволення. Адказы прыходзілі таксама да арганізатараў праекту, якія перасылалі іх адрасатам таксама праз электронную пошту. Але ўжо паўгода як карэспандэнцыя з месцаў зняволення проста не прыходзіць. А паводле тых палітвязняў, якія ўжо вызваліліся, лісты, дасланыя праз пасярэдніцтва ініцыятывы, зняволеным нават не перадавалі.

З гэтай прычыны праект «Лісты ў клетачку» працягвацца больш не будзе, і  данаты ад ахвярадаўцаў, якія засталіся нявыкарыстанымі, прадстаўнікі ініцыятывы абяцаюць пераправіць на іншыя праекты.

Для карыстальнікаў паслугі праекту былі цалкам бясплатным, да таго ж ініцыятыва сабрала шмат карыснай інфармацыі і парадаў. Гэта спіс палітвязняў, звесткі пра дні народзінаў, рэкамендацыі пра тое, што пісаць у лістах, каб іх не затрымала цэнзура і каб словы з волі насамрэч сталі падтрымкай.

Аднак звесткі пра маральны ціск на палітвязняў праз ізаляцыю і абмежаванні ў ліставанні апошнім часам прыходзяць практычна з усіх месцах пакарання ў Беларусі, і ініцыятыва «Лісты ў клетачку» не лічыць мэтазгодным «проста спансіраваць Белпошту і выкідваць у скрыню тысячы канвертаў і лістоў, а таксама траціць грошы людзей і час валанцёраў».

Таццяна Віктарава