Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 07 Ліпень 2022

У палітзняволенай Юліі Лабуновай з’явілася сімвалічная «хросная» – дэпутатка Бундэстага Е-Ван Ры

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй «Libereco – Партнёрства за правы чалавека», сімвалічныя «хросныя» з’явіліся яшчэ ў 10-ці палітвязняў. У іх ліку – віцяблянка Юлія Лабунова, пакараная за палітычныя перформансы зняволеннем на тры з паловай гады па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага Кодэксу (злоснае хуліганства).

Дэпутатка нямецкага Бундэстага Е-Ван Ры пракаментавала рашэнне стаць «хроснай» Юліі Лабуновай наступным чынам:

«Права на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду творчасці і пратэст зʼяўляецца важнай дэмакратычнай каштоўнасцю і фундаментальным правам. Сваёй творчай акцыяй пратэсту Юлія Лабунова не здзейсніла ніякага злачынства. Наадварот, яна праявіла адвагу, скарысталася правам на свабоду слова і аказала супраціўленне Лукашэнку. Арышт Юліі Лабуновай яшчэ раз даказвае, што Лукашэнка топча каштоўнасці дэмакратыі і свабоды і выкарыстоўвае любыя рэпрэсіі, каб прымусіць замаўчаць грамадзянскую супольнасць. Я патрабую вызвалення Юліі Лабуновай і ўсіх іншых палітвязняў!»

Супрацоўніца стаматалагічнага цэнтру Юлія Лабунова і яшчэ некалькі жыхароў Віцебску былі затрыманыя 20 верасня 2021 г. паводле падазрэння ў псаванні банэра з выявай супрацоўнікаў ДАІ. Падчас следства былі высветлены яшчэ некалькі эпізодаў, якія сталі прадметам судовага разбору. Паводле Следчага камітэту, у чэрвені 2021 года «кампанія з мужчын і жанчын ва ўзросце ад 27 да 34 гадоў, абʼяднаных агульнай ідэяй падтрымання дэструктыўных заклікаў у інтэрнэце і сацыяльных сетках», зрабіла відэазапісы некалькіх палітычных перформансаў. Прыкладам, іх удзельнікі разбілі бейсбольнай бітай кінескоп тэлевізара з наклееным фотаздымкам журналіста Грыгорыя Азаронка, спалілі некалькі друкаваных дзяржаўных выданняў, інсцэніравалі на могілках памінкі па Аляксандру Лукашэнку. 20 траўня 2022 г. чацвёра віцяблянаў, у тым ліку Лабунова, былі асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад ад 2-х да 4-х з паловай гадоў.

Юлія Лабунова стала першай з гэтай групы, у каго з’явілася сімвалічная «хросная». Кампанія салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі распачалася 2 гады таму, 9 ліпеня 2020г., калі распачаліся актыўныя рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто быў нязгодны з палітычнай сітуацыяй у Беларусі. У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць «хроснымі бацькамі» палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.

Станіслаў Іваноўскі